
Беларускі празаік, публіцыст, паэт Валянцін Блакіт (сапраўднае прозвішча Болтач) нарадзіўся 7 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Вострава (цяперашні Шчучынскі раён). Паходзіўся сялянскай сям’і. З 1956 года працаваў літаратурным супрацоўнікам рэдакцыі шчучынскай раённай газеты «Чырвоны сцяг», потым у жалудоцкай раённай газеце «За Радзіму» і ў міжраённай газеце «Савецкая вёска». У 1963-1967 гадах – адказны сакратар воранаўскай раённай газеты, у 1967-1968 гадах – уласны карэспандэнт абласной газеты «Гродненская правда». У 1966 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З 1968 года загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971-1972 і 1974-1978 гадах – намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гродзенскага абкама КПБ. У 1972-1974 гадах вучыўся ў ВПШ ЦК КПСС у Маскве. У 1978-1987 гадах – загадчык сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. У 1987-2000 гадах – галоўны рэдактар часопіса «Вожык». Сябра Саюза пісьменнікаў з 1981 года. Нягледзячы на тое, што займаў розныя пасады ў савецкіх установах, быў шчырым беларусам. А ў гісторыю нашай літаратуры ён увайшоў як першы выдавец знакамітай ананімнай паэмы “Сказ пра Лысую гару”. Яна была надрукавана ў бібліятэчцы часопіса «Вожык», а аўтарам, як многа пазней стала вядома, быў Ніл Гілевіч. Валянцін Блакіт займаў нацыянальна-адраджэнцкую пазіцыю, сябраваў з многімі вядомымі беларускімі пісьменнікамі і пераважную частку свайго жыцця прысвяціў развіццю ўсяго нацыянальнага. Генадзь Бураўкін неяк сказаў: “Калі б Валянцін не прыкрываў многіх нашых справаў, будучы ў ЦК кампартыі, то нам бы многае не тое што не ўдалося, а нам бы многае проста не дазволілі”. Блакіт быў таксама адным з пачынальнікаў Гарадзенскага тэлебачання, якое было беларускамоўным.
Валянцін Блакіт як літаратар друкаваўся з 1970 года. Першы зборнік сатыры і гумару пад назвай «Вынаходнік» выдаў у 1974 годзе. Ён аўтар кніг: «Час прылёту журавоў», «Адчай», «Чуйная цішыня», «Вяселле ў Беражках», «Шануй імя сваё», «Усмешка фартуны». «Вырай», «Аповесці». Пісьменніка цікавілі ўзаемаадносіны маладога і старэйшага пакаленняў. У сваіх творах ён паказваў сваіх герояў у сітуацыях, калі само жыццё ставіць перад чалавекам найважнейшае пытанне: хто ты, з чым ідзеш да людзей, што можаш аддаць ім? Пісьменніка цікавілі лёсы неардынарных людзей, іх маральная чысціня, унутраны свет. У цэнтры многіх аповесцяў Блакіта была сучасная беларуская вёска з яе складанымі, часта супярэчлівымі сацыяльна-эканамічнымі працэсамі. Праблемы духоўнай спадчыны, сялянскай душы, чалавечай дабрыні і гонару, вечныя і невычэрпныя тэмы жыцця і смерці, кахання і абавязку даследуюцца ў гэтых вострасюжэтных, часам палемічных творах. Асаблівую папулярнасць пісьменніку прынесла лірычная аповесць “Вяселле ў Беражках”, паводле якой быў зняты мастацкі фільм.
Занатаваў Валянцін Блакіт і многія цікавыя жыццёвыя гісторыі. Можна прыгадаць гісторыю пра тое, як пісьменнік Аляксей Карпюк і ягоная жонка Іна Карпюк купілі аўтамабіль, які некалькі разоў ад самага пачатку фатальна трапляў у розныя аварыі і гісторыі, пакуль яго не прадалі. Мемуары Блакіта “Уваскрасенне ўчарашняга дня” былі надрукаваныя ў часопісе “Дзеяслоў” (№ 6 за 2007 год).
Памёр Валянцін Блакіт 7 снежня 2007 года пасля цяжкай і працяглай хваробы, яму было 69 гадоў.
