7 кастрычніка ў Беластоку ў хабе “Новая зямля” прайшла сустрэча з удзелам Андрэя Палуды, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» і Насты Чарновай, дызайнеркай зборніка вершаў паэтаў, расстраляных 29-30 кастрычніка 1937 года. Асветніцкая акцыя была прымеркаваная да Міжнароднага дня супраць смяротнага пакарання.

Падчас сустрэчы яе ўдзельнікі абмяркавалі сённяшнюю сітуацыю са смяротным пакараннем у Беларусі, правялі паралелі паміж гісторыяй і сучаснасцю ў кантэксце смяротнага пакарання. Таксама Наста Чарнова прэзентавала вельмі незвычайны ў дызайнерскім плане зборнік абраных вершаў паэтаў, расстраляных ў ноч з 29-га на 30 кастрычніка 1937 года. Усе прысутныя атрымалі зборнік у падарунак.