
Паступовая замена беларускіх барокавых абразоў на «псеўдарускія»
У Свята-Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра адрэстаўруюць барокавы іканастас XVIII стагоддзя, які ў мінулыя дзесяцігоддзі зведаў радыкальную русіфікацыю.
Цяпер завяршаюцца рамонтныя работы ў Жыровіцкім Свята-Успенскім саборы. Паводле слоў намесніка міністра культуры Сяргея Саракача, да 2025 года, акрамя бягучага рамонту ў храме, плануецца выканаць рэстаўрацыю і аднаго з найстарэйшых у краіне іканастаса.

Так выглядаў іканастас да 2009 году
У Жыровічы ўжо выязджалі спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея, супрацоўнікі «Белрэстаўрацыі», якія вывучалі сітуацыю. Было праведзена абследаванне стану іканастаса, выяўлены тыя элементы, якія неабходна аднавіць або поўнасцю замяніць. Работы, на думку намесніка міністра, чакаюцца сур’ёзныя. Ён спадзяецца, што сродкі на іх будуць знойдзены.
У 2009 годзе па благаславенні Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта сем старадаўніх абразоў з іканастаса Успенскага сабора былі перададзены Жыровіцкім манастыром у Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Барочныя абразы былі заменены на сучасныя, якія выкананыя ў нібыта «старажытнарускім стылі» інакіняй Анфісай. Гэтыя абразы з’яўляюцца дысгарманічнымі ў дачыненні да барочнага іканастаса і барочных інтэр’ераў храма.
Ці вернуцца ў рамках рэстаўрацыі гістарычныя абразы або іх копіі, намеснік міністра культуры не паведаміў.
https://nashaniva.com/327877
