
Некалі, яшчэ ў савецкім саюзе, гучна прайшла па кінатэатрах рок-опера “Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты”. Чамусці нешта захацелася даць падобнае ў загаловак, характарызуючы нараджэнца Дзятлаўшчыны, цяперашняга дырэктара Інстытуту гісторыі Акадэміі Навук Вадзіма Лакізу. Але лепш яго, чым уласнае выказванне, усё ж нішто не характарызуе.
Вадзім Лакіза нарадзіўся і вучыўся на Дзятлаўшчыне. Потым вучыўся на гістарычным факультэце Гарадзенскага купалаўскага ўніверсітэту, які скончыў у 1992 годзе. Пад час вучобы асаблівых “зорак” не хапаў і нейкімі выключнымі здольнасцямі не вылучаўся. Але быў гэткім старанным, нават “прилежным” студэнтам.
І працоўную кар’еру Лакіза пачынаў сціпла – працаваў настаўнікам у мястэчку Навельня свайго Дзятлаўскага раёну. Потым вучыўся ў аспірантуры Інстытуту гісторыі АН у Менску. Потым там жа працаваў навуковым супрацоўнікам, займаўся архелаогіяй, меў досыць станоўчую рэпутацыю.
Кар’ера Вадзіма Лакізы рэзка пайшла ўгару пазней. У 2008 годзе ён стаў лаўрэатам “персональной надбавки Президента Республики Беларусь за достижения в науке за 2008 год”. Далей дыпломы і ўзнагароды пасыпаліся. У 2012 годзе Лакіза стаў ужо намеснікам дырэктара па навуковай працы (прыпомнім незабыўнага Галіча – “А маўчальнікі выйшлі ў начальнікі”).
У 2016 годзе Лакіза нават “являлся кандидатом в депутаты Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь”. А ў канцы драматычнага 2020 году яго прызначылі ўжо дырэктарам усяго Інстытуту гісторыі. Вадзім Лакіза з лёгкасцю (а можа з лёгкай прыкрасцю) звальняў з працы калегаў, супрацоўнікаў сваёй установы за іншадумства па спісах, спушчаных яму “вышестоящими органами”. Далей – ужо звыклая праца ў сістэме, якая паставіла беларускую гістарычную навуку на службу ідэалогіі. Зараз Вадзім Лакіза паспяхова працягвае місію свайго былога ўніверсітэцкага дэкана Валерия Черепицы і яшчэ бэсэсэраўскага гісторыка-ідэолага Лаўрэнція Абецадарскага.
Днямі, выступаючы на “Международном круглом столе «Национальные академии наук стран СНГ: история и современность» Вадзім Лакіза як кандыдат навук “на полях международного форума “История для будущего. Россия и Беларусь” заявіў наступнае:
“История и культура — то, что объединяет Беларусь и Россию, общие страницы истории — важнейшие элементы национальных интересов как Беларуси, так и России. Например, Октябрьская революция, образование СССР, Великая Отечественная война, создание СНГ. В этом же ряду стоит объединение Западной и Восточной Беларуси”. Думаецца, што пасля такога выступу Лакізу неўзабаве “аўтаматам” нададуць тытул доктара гістарычных навук. А то неяк няёмка атрымліваецца – на паклон да начальніка, які толькі кандыдат навук, ходзяць сівавалосыя супрацоўнікі.

13 кастрычніка 2023 г. у рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 95-годдзю Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у Інстытуце гісторыі адбыўся ўрачысты сход працоўнага калектыву. Але неяк, мяркуючы па фота ніжэй, супрацоўнікі не вельмі шчаслівыя.

Вадзім Лакіза пакуль цвёрда трымаецца на сваім месцы і паспяхова транслюе расейскацэнтрычныя міфы і наратывы прапаганды. Але як гісторык ён павінен добра ведаць, чым заканчваецца служба ў такой сістэме, якая ўрэшце пачынае “чысткі” ў сваіх шэрагах. Таму Лакізу варта памятаць словы папулярнага хіта з часу яго студэнцкай маладосці: “И если есть те, кто приходят к тебе, найдутся и те, кто придет за тобой”.
