
Размова ідзе пра два дамы на вуліцы Вялікая Троцкая, 31 і 33. Іх хочуць рэканструяваць пад спецыялізаваны будынак для грамадскага харчавання. Даклад аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе па аб’екце выставяць на грамадскае абмеркаванне, якое пройдзе з 16 кастрычніка па 27 снежня гэтага году.
У адным з гэтых дамоў зараз месціцца легендарная майстэрня па вырабе ключоў (хіба сама старая беларускамоўная шыльда у горадзе).
Абодва будынкі нежылыя, іх агульная плошча 368 кв. м. Летась у лістападзе іх набыла прыватная гарадзенская кампанія. Новы ўладальнік планаваў адкрыць тут фудкорт з рознымі кропкамі грамадскага харчавання, у тым ліку з рэстаранам іспанскай кухні.
Дом №31 пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя, №33 — у 1900 годзе ў стылі эклектыкі. Абодва будынкі не з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, аднак знаходзяцца ў цэнтральнай гістарычнай частцы горада, у межах зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў і ў водаахоўнай зоне рэк і вадаёмаў. У звязку з гэтым праектам прадугледжана рэканструкцыя існых будынкаў з увязкай архітэктурнага аблічча з прылеглымі аб’ектамі шэраговай гістарычнай забудовы; падключэнне будынка да існых камунікацый, упарадкаванне прылеглай да ўчастка тэрыторыі.
