
190 гадоў таму, у 1833 годзе, у Флярэнцыі памёр Міхал Клеафас Агінскі, магнат, дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, кампазітар, удзельнік паўстаньня 1794 г.
Аўтар славутага паланэзу “Развітанне з радзімай” нарадзіўся 7 кастрычніка 1765 году ў Гузаве пад Варшавай.
Паходзіў са старэйшай княскай лініі роду Агінскіх, сын Андрэя і Паўлы з Шэмбэкаў. Ад бацькі ўспадкаваў тытул графа. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, меў выдатныя здольнасці да музыкі і замежных моваў. Уплыў і ўражанні ад музыкі атрымаў пасля наведвання Слоніма, дзе яго сваяк Міхал Казімір Агінскі трымаў тэатр еўрапейскага роўню.
У 1786 годзе Агінскі абраны паслом сойму Рэчы Паспалітай, быў камісарам Скарбовай камісіі ВКЛ, потым займаў пасаду мечніка вялікага літоўскага, быў амбасадарам у Галяндыі, выконваў дыпламатычную місію ў Лондане. Была ў біяграфіі і старонка сораму, калі Агінскі ў 1791 годзе дзеля захавання маёнткаў ва ўсходняй частцы Беларусі прысягнуў расейскай імператрыцы Кацярыне ІІ. У 28-гадовым веку ў 1793 годзе займаў пасаду падскарбія вялікага княства літоўскага, абіраўся паслом на Гарадзенскі сойм. У час паўстання 1794 года Агінскі далучыўся да віленскіх паўстанцаў, уваходзіў у Найвышэйшую літоўскую раду. Ахвяраваў на патрэбы паўстання 188 тысяч злотых, кіраваў 480 стральцамі. У чэрвені 1794 года двойчы з аддзелам стралкоў і 200 коннікамі спрабаваў прабіцца ў тагачаснае Менскае ваяводства, каб узняць і там паўстанне. У жніўні зрабіў рэйд да Дынабургу (Дзвінску), змагаўся супраць прускіх войскаў. Пасля захопу расейцамі Вільні праз Галіцыю выехаў у Аўстрыю. За ўдзел у касьцюшкоўскім паўстанні маскоўскія ўлады канфіскавалі яго маёнткі.

Сядзіба ў Залесьсі
Жыў у Вене, Венецыі, Стамбуле, Парыжы. У сталіцы Францыі кантактаваў з Шарлем Марысам дэ Талейранам і Дырэкторыяй з мэтай аднаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай. Калі ў Расейскай імперыі змянілася ўлада, атрымаў магчымасць вярнуцца на радзіму. Пасля прысягі новаму імператару Аляксандру І, як і іншыя выгнаннікі, атрымаў назад свае маёнткі. Пасяліўся на стала ў родавым маёнтку Залесьсе, што непадалёк Смаргоні. Жыў у Залесьсі ў 1802-06 гадах, ажаніўся, збудаваў новы палац, парк у ангельскім стылі, аранжарэі, звярынец. Сабраў багатую бібліятэку.

Марка ў гонар Агінскага
У 1819 годзе Агінскі атрымаў пасаду сенатара і чын тайнага саветніка, а таксама шэраг узнагародаў. Неаднаразова сустракаўся з імператарам Аляксандрам, распрацаваў і падаў яму план аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расейскай імперыі, аднак маскоўскі цар адхіліў гэты праект.

Шыльда ў Флярэнцыі
У чэрвені 1812 года, калі пачалася вайна, Міхал Клеафас з’ехаў на ўсход разам з расейскім войскам, жыў у Пецярбургу. Пасля вайны з Напалеонам вярнуўся ў Залесьсе, дзе заставаўся да 1822 года, патроху адыходзіў ад палітычных спраў. У 1923 годзе выехаў разам з сям’ёй у Італію, жыў у Фларэнцыі, пісаў музыку і літаратурныя творы. Стаў вядомым як аўтар папулярных паланэзаў для фартэпіяна, якія вызначаюцца лірызмам, меладычнасцю, звязаны з народна-песеннымі традыцыямі. Пісаў таксама маршы (у тым ліку “Марш паўстанцаў 1794”), вальсы, мазуркі, менуэты, рамансы. Аўтар оперы “Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры”.
Знакаміты твор Агінскага – паланэз “Развітанне з радзімай” напісаны менавіта ў Беларусі ў Залесьсі.

Быў пахаваны на кляштарных могілках Фларэнцыі пры касцёле Санта Марыя Навэля, пазней перапахаваны ў пантэоне Санта Крочэ. У Маладэчне пастаўлены помнік, мясцовы каледж мае яго імя. Імем кампазітара названыя вуліцы ў Гародні і Ждановічах. Выпушчаны канверт, марка, памятная манета, а ў 2015 годзе адчыніў дзверы адноўлены палац-музей у Залесьсі. У 2015 годзе ў Менску на пляцы Свабоды ўсталявана “Лава Агінскага”. У Фларэнцыі ў 1996 годзе на доме, дзе ён жыў, усталявана памятная шыльда (скульптар Валер’ян Янушкевіч).

Помнік у Маладэчне

Памятны канверт
