Паводле звестак кампаніі Ipsos, толькі 2,2% удзельнікаў рэферэндуму ў Польшчы падтрымоўваюць знос агароджы на мяжы з Беларуссю. Адпаведна, 97,8% мяркуюць, што плот неабходны, перадае агенцтва PAP.

Разам з парламенцкімі выбарамі ў Польшчы адбыўся рэферэндум. Кіроўная партыя «Закон і справядлівасць» прапанавала грамадзянам адказаць на чатыры пытанні, адно з іх тычылася плоту на мяжы з Беларуссю.

97,8% тых, хто ўзяў удзел у рэферэндуме, прагаласавалі за тое, каб плот застаўся. 2,2% выступілі за ліквідацыю агароджы. Пра гэта сведчыць экзітпол, што кампанія Ipsos зладзіла на замову трох польскіх тэлеканалаў: TVP, Polsat і TVN.

Акрамя таго, 97,5% выбарнікаў не падтрымалі продаж дзяржаўных актываў замежным структурам, 96% выступілі супраць падвышэння пенсійнага веку і 98,6% прагаласавалі супраць прыёму мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі.

Аднак вынікі рэферэндуму не стануць абавязковымі для выканання, бо ў ім узялі ўдзел толькі 40% выбарцаў. Яўка на выбарах склала, паводле экзітполу, 72,9%.