фота ілюстрацыйнае

Польская Gazeta Wyborcza апісала выпадкі затрыманняў беларусаў пасля падачы на польскія візы праз візавага пасярэдніка VFS Global у Беларусі. Як так выйшла і як засцерагчы сябе ад затрымання?

«Некаторых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах і потым спрабавалі з’ехаць у Польшчу, у візавых цэнтрах чакала пастка.

Здаралася так, што людзі прыходзілі па гатовыя візы і дакументы, і іх адразу затрымлівалі супрацоўнікі КДБ. Замест Польшчы гэтыя людзі ехалі ў турму», — прыводзіць Wyborcza словы сваіх суразмоўцаў. 

Як так выйшла? 

«Самы відавочны варыянт — гэтых людзей яшчэ раней пасіўна шукалі органы. Яны атрымалі інфармацыю, што такія і такія запісаліся на візу.

Далей было справай тэхнікі — прыехаць забраць пашпарт разам, таму што ў гэты дзень і час іх кліент гарантавана будзе ў візавым цэнтры і не трэба бегаць шукаць.

А за што шукалі — бог яго ведае, цяпер за што толькі не шукаюць. Можа, і палітыка, калі адправілі ўчастковага, потым пару разоў пазванілі — нічога, нікога. Вырашылі, што калі сам трапіцца недзе, то возьмем, паставілі на кантроль», — патлумачыў логіку супрацоўнік міліцыі. 

Польскія журналісты пішуць, што затрымалі менавіта тых беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах. 

Значыць, гаворка пра выпадкі, калі чалавек, якому пагражае небяспека за ягоны ўдзел у руху за свабодныя выбары, не змог запісацца непасрэдна ў консульства і падаўся на гуманітарную візу праз візавы цэнтр. 

Трэба адзначыць, што з 2020 і да канца 2022 гадоў беларусы масава атрымлівалі гуманітарныя візы.

І не толькі таму, што актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах або ўдзельнічалі ўвогуле — часта гэта была самая простая дарога атрымаць візу. Часам прыкінуўшыся палітычным. 

Турыстычных візаў Польшча і Літва амаль не выдавалі, і тым, каму трэба было па справах або проста карцела вырвацца ў Еўропу, прасілі гуманітарныя візы, якія палякі выдавалі амаль што ўсім, хто звяртаўся. 

Потым ужо, у кулуарных размовах, польскія дыпламаты прыводзілі прыклады, якія іх абуралі: маўляў, консул ставіць беларусам гуманітарныя візы, яны па іх катаюцца па Еўропе на выхадных, а праз год, як нічога ніякага, прыходзяць прасіць наступную гуманітарную візу ў такіх жа турыстычных мэтах. 

Але цяпер рэаліі змяніліся, сышоў кавід. Іншыя еўрапейскія краіны сталі выдаваць беларусам візы, а палякі адкрылі прыём дакументаў на турыстычныя візы. На гуманітарныя візы часцей падаюцца ўжо па сапраўдных палітычных прычынах. 

І сёння падача на гуманітарную візу праз візавы цэнтр становіцца знакам для органаў, таму што ў гэтым выпадку заяўнік павінен пісьмова тлумачыць консулу, чаму і чаго ён баіцца.

Гэтыя дакументы потым трапляюць у рукі пасярэдніка VFS Global, у якога ёсць камп’ютарная база з данымі тых, хто і па якой прычыне падаецца на візу. 

Ці маюць сілавікі доступ да базаў VFS Global? Безумоўна, так.

У публічнай аферце кампаніі VFS Global, якой беларусы падаюць свае дакументы, ні разу не згадваецца слова «канфідэнцыйнасць», а ў пункце 5.1.3 проста гаворыцца, што даныя могуць перадавацца трэцім асобам «у тым ліку» з мэтай атрымання візы. 

«Тут нават не трэба шукаць доўгія фармулёўкі ў публічных афертах, а проста адкрыць Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Абгрунтоўваеш патрэбу доступу да базы клопатам аб тым, што хтосьці з асоб, якія падаюцца на візы, хоча схавацца ад пераследу. Або нават гэта не пішаш, а банальна «ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі», без лішніх тлумачэнняў — усё, ты з доступам», — патлумачыў «Нашай Ніве» аператыўнік прычыну, па якой трэба заўсёды трымаць у галаве, што ў дыктатарскім рэжыме, у якім пануюць спецслужбы, наіўна спадзявацца на канфідэнцыйнасць інфармацыі, якую вы перадаяце праз візавых пасярэднікаў. 
https://nashaniva.com/328450