Славутая царква ў Мураванцы (Шчучынскі раён) атрымлівае новую мураваную агароджу. Пра гэта паведамляе раённая газета “Дзянніца”.

Нядаўна завяршылася рэстаўрацыя царкоўных крыжоў, а зараз майстры актыўна ўзводзяць магутную агароджу вакол храма.

Да пачатку рэстаўрацыі прыцаркоўную тэрыторыю акружаў створаны з металічнай сеткі плот. Аднак дакладна вядома, што раней вакол храма размяшчалася магутная каменная агароджа. Пра гэта сведчаць успаміны мясцовых жыхароў і архіўныя дакументы. На вялікі жаль, у перыяд хрушчоўскага атэізму старая агароджа была знішчана. Таму сёння перад майстрамі-будаўнікамі стаіць надзвычай важная задача – аднавіць яе і зрабіць гэта максімальна набліжана да аўтэнтычнага аб’екта. Ажыццявіць задуманае дапамагае праект, які быў узгоднены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. 

Улічваючы асаблівасці ландшафту, вышыня адноўленай агароджы будзе змяняцца на розных участках. У нізінах яна будзе дасягаць двух метраў. Таўшчыня муроў пры падмурках будзе складаць прыкладна адзін метр.

Зараз каля царкоўнай брамы ўзвышаецца адзін з двух слупоў і некалькі метраў агароджы. Варта адзначыць, што ўсё гэта будзе пакрыта дахоўкай, якая выкарыстоўвалася пры рэканструкцыі храма. Такім чынам, агароджа будзе дапаўняць царкву-крэпасць, у выніку атрымаецца цэласны архітэктурны ансамбль.

Аднаўленнем агароджы займаюцца амаль што мясцовыя людзі – майстры з вёскі Церахі, якая знаходзіцца ў суседнім Орлеўскім сельсавеце. Узвядзенне падобных збудаванняў падразумявае скрупулёзную працу, важным этапам якой з’яўляецца падбор камянёў. Яны павінны падыходзіць па форме і памерах.