У Астраўцы своеасабліва адзначылі “неделю родительской любви”. Мацаваць гэтую любоў па ініцыятыве цяперашніх камсамольцаў, якія называюцца БРСМ, былі пакліканы пару сем’яў і міліцыянты. Разам яны пасадзілі “алею сямейных дрэў”, далучыўшыся такім чынам да аднайменнага рэспубліканскага праекту.

І зарыпелі рыдлёўкі, і закіпела работа: таты капалі ямы, мамы садзілі дрэўцы, а іх сыны і дочкі з адпаведнай ім непасрэднасцю стараліся дапамагчы. І хутка вырасла алея дрэў сем’яў Купрыновіч, Сямашка, Пугаўскіх, Весяловых, Яновіч, Федасевіч, Фешчанка, Альшук, Герасім і Цеслоўскага, Бакланавых і Буйніцкіх”.

Фотаздымкі, праўда, не адлюстроўваюць прапагандысцкі тэкст раённай “Астравецкай праўды”, дзе сказана ажно пра 10 ці 12 сем’яў і масы бэрэсээмаўцаў. На здымках можна пабачыць адну ці дзве сям’і, адно дрэўца і адну астравецкую камсамолку. Астатнія альбо не пажадалі фатаграфавацца, альбо іх не было там зусім.