У судзе Кастрычніцкага раёна Гародні 5 кастрычніка вынесены прысуд 37-гадоваму кіроўцу Дзянісу Цярэшку. Суддзя Віталь Лабоцкі звінаваціў яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Да затрымання Дзяніс Цярэшка працаваў кіроўцам у літоўскай транспартнай кампаніі, мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця.

Па матэрыялах абвінавачання, Цярэшка ў жніўні 2020 года ўдзельнічаў у шэсці па вуліцах Гародні. Пры гэтым нібыта дэманстраваў свой намер аказваць непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, замінаў працы грамадскіх і камерцыйных устаноў, а таксама міні-рынку, разам з іншымі ўтвараў “счэпкі”, знаходзіўся на праезнай частцы дарогі, ажыццявіў блакаванне праезнай часткі праспекта Янкі Купалы.

Суд прызначыў Цярэшку абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў. Матэрыяльную прэтэнзію аўтапарка ён аплаціў пад час следства.

Вясна