Пасля чарговага пятніцавага абнаўлення так званага “Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў” туды сярод іншых запісалі Telegram-канал «Беларускi праваслаўны прыход у Вiльнi». Гэта якраз канал прыхода, які арганізавалі ў эміграцыі беларускія праваслаўныя святары Георгій Рой і Аляксандр Кухта.

Гэты тэлеграм-канал прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 20 кастрычніка суд Баранавіцкага раёну.

Напомнім, што пракрамлёўскі Патрыяршы экзарх БПЦ Веніямін, якія ўсяляк падтрымлівае цяперашні рэжым Лукашэнкі і русіфікацыю царквы, выдаў адпаведны ўказ аб забароне гэтым святарам служыць у Беларусі.

44-гадовы протаіерэй Георгій Рой — аўтарытэтны святар з Гародні. Дацэнт Менскай духоўнай акадэміі, у Гародні ён быў настаяцелем спачатку старажытнай Каложы, пасля — Пакроўскага кафедральнага сабора. 30-гадовы іерэй Аляксандр Кухта — сама папулярны праваслаўны відэаблогер Беларусі, аўтар канала «Бацюшка адкажа» з 47 тысячамі падпісчыкаў.

Абодва ў 2020-м асудзілі фальсіфікацыю выбараў і масавыя рэпрэсіі, а ў 2022-м — вайну ва Украіне. Яны выехалі з Беларусі і падалі прашэнне патрыярху Канстанцінопальскаму аб пераходзе ва Усяленскі патрыярхат. Гэтае прашэнне было задаволена.