
Распараджэнне аб забароне Хэлоўіна разаслаў напярэдадні свята Гарадзенскі аблвыканкам. Атрымальнікі — Гарадзенскі гарвыканкам і райвыканкамы вобласці, а таксама мясцовы БРСМ. У тэксте ліста чыноўнікі звяртаюць увагу «на недапушчальнасць правядзення мерапрыемстваў і папулярызацыі свята „Хэлоўін“». Забараняецца ўсялякая яго атрыбутыка — гарбузы, павуцінне, маскі на дзвярах і не толькі!
Пра ліст Гродзенскага аблвыканкама стала вядома Zerkalo.io. На думку абласных чыноўнікаў, Хэлоўін нібыта «прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі» і супярэчыць «гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа».
Чыноўнікі роўнем ніжэй хутка адрэагавалі на даручэнне. Цягам тыдня перад Хэлоўінам супрацоўнікі Гарадзенскага гарвыканкаму тэлефанавалі ў прыватныя арганізацыі, якія рэкламавалі тэматычныя вечарыны. Яны патрабавалі прыбраць іх афішы з сацсетак, расказала Hrodna.life крыніца, блізкая да выканкама. Некаторыя ўстановы тут жа прыбралі рэкламу. «Для нас гэта можа мець наступствы», — растлумачыў у размове з Hrodna.life прадстаўнік гарадзенскага грамадскага харчавання.
У выніку ў Гародні ў 2023 годзе амаль не засталося месцаў, дзе можна адзначыць Хэлоўін.
Забароны Хэлоўіна ў Беларусі пачаліся год таму
З Хэлоўінам у Беларусі пачалі актыўна змагацца ў 2022 годзе. Гэта стала вынікам актыўных зваротаў да ўлады гарадзенскай прарасейскай актывісткі Ольги Бондаревой і яе аднадумцаў. У зваротах яны сцвярджалі, што Хэлоўін быццам бы супярэчыць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларусаў, прапагандуе гвалт, агрэсію, асацыяльныя паводзіны дзяцей і моладзі, аказвае негатыўны ўплыў на духоўна-маральнае развіццё грамадства.
У выніку ў Беларусі святкаванне Хэлоўіна фактычна патрапіла пад забарону. У снежні 2022 Савет Міністраў даручыў прыняць «вычарпальныя меры» па недапушчэнні прапаганды і правядзення ва ўстановах адукацыі і культуры мерапрыемстваў, «якія супярэчаць традыцыйным каштоўнасцям беларускага народа». Да такіх мерапрыемстваў аднеслі і Хэлоўін.
У 2023 годзе Бондарева працягвае змагацца з Хэлоўінам. У яе канале, напрыклад з’явіліся фатаграфіі кафэ з Бабруйска, упрыгожанага да свята. Яна лічыць гэтыя ўпрыгожанні пагрозай беларускім дзецям і беларускай дзяржаве. Таму прапануе жадаючым «пагутарыць з адміністрацыяй канкрэтнай кавярні ці з кіраўніцтвам ідэалогіі горада Бабруйска».
hrodna.life
