
На бягучым тыдні напомніў пра сябе так званы Лідскі раённы суд. У выніку яго рашэння Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім».
Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Лідскага раёну 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып telegram-каналу.
Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны (The Francis Skaryna Byelorusian Library and Museum) — грамадска-культурны асяродак у Лондане. У 1979 годзе ён атрымаў статус «незалежнай навукова-харытатыўнай установы» і з’яўляецца «ўласнасцю ўсіх беларусаў».
Адкрыты для ўсіх, хто цікавіцца беларусістыкай незалежна ад нацыянальнасці. Аб’ядноўвае беларускіх эмігрантаў і англійскіх вучоных-беларусістаў. Існуе пераважна на ахвяраванні, на працэнты ад іх укладаў у банк.
Аснову бібліятэкі склалі прыватныя зборы беларускіх святароў Часлава Сіпрвіча і Льва Гарошкі (Гарошка – нараджэнец мясцовасці Трашчычы, што ў Карэліцкім раёне), якія пераехалі ў Лондан адпаведна з Рыма (1948 год) і Парыжа (1958 год). Яе афіцыйнае адкрыццё ў асобным будынку (Холдэн роуд, 37, раён Фінчлі) адбылося 15 траўня 1971 года (мемарыяльную дошку адкрыў прафесар славянскай філалогіі Оксфардскага ўніверсітэта Р. Оці).
Бібліятэка і музей займаюць 8 пакояў, у якіх захоўваецца каля 40 тысяч тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў.
Ганьба прызнаць тэлеграм-канал бібліятэкі і музея “экстрэмісцкім” была даручана якраз Лідскаму раённаму суду.
