Беларуса, які летам вярнуўся з-за мяжы, пачалі судзіць у Гародні за нібыта абразу Лукашэнкі

У судзе Ленінскага раёна Гародні 27 кастрычніка пачаўся суд над жыхаром Менску Вячаславам Чарнецкім. Сілавікі затрымалі мужчыну напрыканцы ліпеня, калі ён з сям’ёй вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы. Яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК. Справу вядзе вядомая суддзя Наталля Козел.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамлялі, што мужчына нібыта напісаў каля 1000 каментароў у «экстрэмісцкіх» каналах і чатах.

Як пазней высветліла @nashaniva, затрыманы жыў у Менску, жанаты, захапляецца пейнтболам. Выданне піша, што сілавікі змаглі выйсці на Чарнецкага, бо ён падпісаў свой акаўнт у тэлеграм сапраўдным імем і прозвішчам.