фота мае ілюстрацыйны характар

На мінулым тыдні гарадзенскія сілавікі асабліва лютавалі ў некаторых райцэнтрах вобласці. Масавыя “аблавы” і незаконныя “хапуны” адбываліся ў Ваўкавыску, Лідзе, Карэлічах, Шчучыне.

Не менш 6 чалавек былі затрыманыя на прадпрыемстве ААТ «Лідскае піва».

Прайшлі затрыманні ў Гарадзенскім занальным інстытуце раслінаводства Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, што размяшчаецца ў Шчучыне.

27 кастрычніка ў Карэлічах ОМОН затрымліваў людзей у мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме. Вядома, што раніцай у Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклініцы было затрымана некалькі лекараў і стаматолаг. З астатнім персаналам праводзілі «прафілактычныя гутаркі» аб недапушчальнасці «падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы». Акрамя таго, два чалавекі былі затрыманыя ў Карэліцкім раённым выканкаме, таксама былі затрыманыя некаторыя супрацоўнікі «Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці».

Праўладныя тэлеграм-каналы таксама паведамілі пра затрыманне двух жыхароў Ваўкавыску. Адзін з іх — супрацоўнік Ваўкавыскай ЦРБ Аляксандр Скіруха, затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ). Другі затрыманы — супрацоўнік «Белтэлекама» Ігар Палікша. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгах і таксама затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Карныя “спецаперацыі” на тэрыторыі Гародні і вобласці фактычна не спыняюцца ні на дзень.