
Беларускі літаратуразнавец, перакладчык, энцыклапедыст, архівіст, бібліёграф, фалькларыст, педагог Янка Саламевіч нарадзіўся 29 кастрычніка 1938 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Малая Кракотка (Слонімскі раён). Скончыў школу ў Вялікай Кракотцы і беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзела Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, рэдактарам вучэбнай і метадычнай літаратуры, да 1964 г. – старшым рэдактарам грамадска-гуманітарных навук выдавецтва Міністэрства вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальнай адукацыі. Скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 г. працаваў старшым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі, у 1976-1992 гг. – загадчык навуковай рэдакцыі народнай асветы і беларускіх слоўнікаў выдавецтва “Беларуская савецкай энцыклапедыя”, з 1992 г. – вядучы рэдактар “БСЭ”, з 1994 г. – вядучы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”.
Янка Саламевіч абараніў кандыдацкую дысертацыю “Міхаіл Федароўскі – фалькларыст”. У 1987-1997 гг. выкладаў у БДУ, быў адным з вядоўцаў тэлечасопісу “Роднае слова”. З 1988 г. кіраваў радай ТБМ Першамайскага раёна Менску. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Янка Саламевіч пачаў друкавацца ў 1955 годзе ў слонімскай раённай газеце “Вольная праца”. Першы артыкул у друку з’явіўся ў 1957 годзе. Даследаваў гісторыю беларускай літаратуры і культуры, фальклор. Увёў у навуковы ўжытак невядомыя матэрыялы пра жыццё і творчасць Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, А. Гурыновіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, М. Арла, З. Верас, Т. Гардзялкоўскай, А. Зязюлі, К. Лейкі, Г. Леўчыка, Ф. Шантыра, У. Дубоўкі, фалькларыстаў і этнографаў П. Дземідовіча, Р. Зямкевіча, Ч. Пяткевіча, М. Федароўскага.
Саламевіч – аўтар першага на Беларусі “Слоўніка беларускіх псеўданімаў (XVI-XX стст.)” (1983), манаграфіі “Міхал Федароўскі” (1972). Склаў бібліяграфічны даведнік “Беларускі фальклор (1926-1963)” (1964), кнігу “Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакумэнты” (1984, з Арсенем Лісам), зборнікі Г. Леўчыка “Доля і хлеб” (1980, з Н. Ляшковіч), М. Арла “Лірнік” (1991), Я. Купалы “Вершы і паэмы” (1991, на расейскай мове), “П’есы XIX-пачатку XX ст.” (1998), выбраныя творы Яна Чачота “Свіцязь” (1999), зборнікі “Беларускія загадкі” (1982, 1989), “Мама Мышка сушыла шышкі: Беларускія народныя скорагаворкі” (1983), літаратурна-мастацкі каляндар “Кола дзён” (1987, 1988, у суаўтарстве), “Каляндар памятных дат 2001” (2001).
На беларускую мову Янка Саламевіч пераклаў манаграфію “Беларуская казка” і паказальнік “Сюжэты і матывы беларускіх народных казак” Л. Барага, падручнік “Гісторыя беларускай савецкай музыкі”, кнігу М. Федароўскага “Люд беларускі: Вяселле”, аповесць “Адысей з Беларусі” В. Гузанава, “Успаміны пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану” Л. Патоцкага, раманы “Зверабой” Дж. Ф. Купера, “Блукаючыя зоркі” Шолам-Алейхема (з Г. Шупенькам) і іншыя творы.Янка Саламевіч амаль паўстагоддзя займаўся выяўленнем і расшыфроўкай літаратурных імёнаў айчынных творцаў. За гэты час ім расшыфравана ажно 20 тысяч (!) псеўданімаў. Ён марыў выдаць трохтомны слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў, але ў дзяржавы на гэта не знайшлося грошай.
Памёр Янка Саламевіч 31 ліпеня 2012 года ў Менску, пахаваны ў Калодзішчах пад Мінскам.
