
У Гародні на вуліцы Ажэшкі з’явіўся новы ўказальнік. Гэта так званы “праезд Эміля Чэчкі”. Але выканаўцы ўказальніка зрабілі памылку ў беларускамоўным тэксце, не праскланяўшы прозвішча Чэчкі, а пакінуўшы яго ў назоўным склоне.
Адметна, што праезд Чэчкі праходзіць ад вуліцы Будзёнага да вуліцы Ажэшкі каля вялікага офіснага будынка з польскім консульствам. Такое рашэнне прынялі “дэпутаты” гарадскога Савета дэпутатаў на сесіі яшчэ 30 жніўня.

Польскі жаўнер Эміль Чэчка, паводле беларускага боку, збег у Беларусь 16 снежня 2021 года і папрасіў палітычнага прытулку. У дзяржаўных медыя ён расказваў пра нібыта масавыя забойствы мігрантаў і валанцёраў польскімі вайскоўцамі. Але Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека не знайшло ніякіх пацвярджэнняў гэтых заяў. 17 сакавіка Чэчку знайшлі павешаным у Менску па месцы жыхарства. Вынікі следства да гэтага часу не агучаныя. Пахавалі Эміля Чэчку ў Беларусі.
