Янка Быліна, Адам Станкевіч, Казімір Сваяк

Беларускі каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, паэт Янка Быліна (сапраўднае прозвішча Ян Семашкевіч) нарадзіўся 30 кастрычніка 1883 года ў вёсцы Лакцяны (Астравецкі раён).

Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907), у тым жа годзе пасвечаны ў святары. Служыў у касцёлах на Слонімшчыне, Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне. З 1933 года служыў на Беласточчыне — у Янаве-Падляскім (1933—1937), Ялоўцы (1937—1939), Міхалове (1939—1946), Бомблі (1946—1956). За ўжыванне беларускай мовы ў казаннях праследаваўся польскімі ўладамі. Арыштоўваўся НКВД у канцы верасня 1939 года. Апошнія гады жыцця правёў на Беласточчыне. Пахаваны побач касцёла ў Бомблі.

Друкаваўся з 1917 года ў газеце «Гоман», у перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, у т.л. у рэлігійных («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»), сатырычных (часопісы «Авадзень» і «Маланка»), дзіцячым (часопіс «Пралескі», пад псеўд. Ядловец).

Аўтар зборнікаў паэзіі «На прызьбе» (Na pryzbieВільня, 1918; 2-е выд. 1924), «На покуці» (Na pokuci: Bajki i roznyja wieršy, Вільня, 1934), камедыі «Выбар старшыні» (Wybar staršyni: Wiaskowaja trahikamedyja u 3-ch dziejach z časou carskich, Вільня, 1926; 2-е выданне: Выбар старшыні. Вільня, 1938), рэлігійных твораў «Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі» (Вільня, 1928), «Песні жальбы або набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста» (Вільня, 1929), «Дарога крыжа» (Daroha kryža, Вільня, 1930).

Патрыятычныя і гумарыстычныя творы Я. Быліны выкарыстоўваліся аматарскімі калектывамі ў Заходняй Беларусі.

Грамадскае аб’яднанне «Вільняр» арганізавала ў Лакцянах, на бацькаўшчыне паэта, мастацкі пленэр і краязнаўча-літаратурныя чытанні (9-10.8.2003).