
Камітэт літоўскага парламенту ў справе нацыянальнай бяспекі і абароны рэкамендаваў адхіліць прапанову міністаркі ўнутраных справаў Агне Білатайце аб павелічэнні для замежнікаў тэрміну дзеяння віду на жыхарства (ВНЖ) з 1 да 3 гадоў. Пра гэта паведамляе «Позірк».
Сваю папраўку ў закон «Аб прававым статусе замежнікаў» Білатайце аргументавала тым, што ВНЖ выдаецца ў асноўным грамадзянам Беларусі, якія ўцякаюць ад рэжыму. Пры гэтым сітуацыя ў краіне працяглы час не мяняецца, таму яны не могуць вярнуцца на радзіму пасля заканчэння года і вымушаныя падаваць новую заяўку на падаўжэнне ВНЖ. На думку міністаркі, павелічэнне тэрміну дзеяння гэтага дакументу дазволіла б пазбегчы нязручнасцяў, выкліканых неабходнасцю часта яго мяняць, а дэпартамент міграцыі пры МУС зэканоміў бы адміністрацыйны рэсурс на апрацоўванне заяваў.
Аднак, на думку парламенцкага камітэту, «ва ўмовах дынамічнага павелічэння колькасці беларускіх грамадзянаў у Літве, паралельных дыскусіяў у грамадстве і Сейме наконт узмацнення для іх жорсткасці нацыянальных абмежавальных захадаў прапанова аб лібералізацыі права на жыхарства ў Літве з гуманітарных меркаванняў носіць паспешны характар і можа стварыць негатыўныя прэцэдэнты ў будучыні».
Супраць ініцыятывы Білатайце прагаласавалі чатыры сябры камітэту, за – два, яшчэ два, у тым ліку яго кіраўнік Лаўрынас Касчунас, устрымаліся.
Чарговае пленарнае паседжанне Сейму пройдзе 31 кастрычніка. На парадку дня пытання аб ВНЖ для замежнікаў няма.
