Каб выкрыць хлусню гарадзенскіх чыноўнікаў, якія ўпарта сцвярджалі, што не маюць звестак ані пра тое, што знак адносіцца да твораў дэкаратыўна-манументальнага мастацтва, ані пра само існаванне знака, давялося пайсці на хітрасць.
Фота: Hrodna.life
Пра гэта распавёў тэлеграм-канал «Спадчына», які спецыялізуецца на ахове культурнай спадчыны.
Разумеючы, што ад гарадзенскіх чыноўнікаў і ўстаноў немагчыма дамагчыся ніякага іншага адказу акрамя «нічога не ведаем», актывісты звярнуліся ва ўстанову, з культурай не звязаную.
Адказ Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі, у якім паведамляецца, што знак у гонар паўстання 1863 года быў дэмантаваны Гродзенскай гарадской ЖКГ. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»
Рэч у тым, што станцыя «Гродна», на якой знаходзіўся знак у гонар паўстання, належыць да Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі з сядзібай у горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці. Атрыманы з Баранавічаў адказ нарэшце праліў святло на тое, хто і калі дэмантаваў гістарычную славутасць:
«Памятны знак, прысвечаны паўстанцам 1863 года, з тэрыторыі чыгуначнага вакзала на станцыі Гродна быў дэмантаваны 11.07.2023 работнікамі АУВП «Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка».
Актывісты пасля атрымання адказу звярнуліся ў згаданую гарадскую ЖКГ, не паведамляючы пра тое, што ім ужо вядома пра знак, і атрымалі чаканы адказ — «інфармацыя пра аб’ект, згаданы ў вашым звароце, адсутнічае».
Пра знікненне знака з гарадзенскага чыгуначнага вакзала стала вядома 20 ліпеня 2023 года. Замест яго з’явілася шыльда, прысвечаная савецкім падпольшчыкам часу Другой сусветнай вайны. Знак правісеў на сцяне вакзала каля 30 гадоў, яго аўтар — гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
Па версіі тэлеграм-канала «Hrodna 11:27», да знікнення знака можа быць датычная прарасейская актывістка Ольга Бондарева, якая змагаецца з кожнай нацыянальнай спадчынай, што не ўпісваецца ў савецка-расейскія гістарычныя наратывы. Паўстанцы 1863-1864 гадоў для яе «польскія тэрарысты», а Мураўёў-Вешальнік — «нацыянальны беларускі герой» https://nashaniva.com/329435