Першы намеснік міністра абароны, начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч прыгразіў беларускім прызыўнікам адміністрацыйным пакараннем за няправільна пазначаны ва ўліковых звестках нумар тэлефону.

У законапраекце «Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі», які ўжо прыняты ў першым чытанні Палатай прадстаўнікоў, прадугледжаная норма, што абавязвае беларусаў, якія стаяць на вайсковым уліку, інфармаваць ваенкамат пра змену свайго абаненцкага нумара ў сетцы аператараў электрасувязі ў тыднёвы тэрмін. Пра гэта расказаў намеснік міністра абароны і начальнік Генеральнага штаба Віктар Гулевіч, прадстаўляючы 1 лістапада законапраект у Палаце прадстаўнікоў.

Гулевіч заявіў, што тых, хто сам не паведаміць пра змену кантактнага нумара, плануюць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.

«У выпадку ўзнікнення пытанняў, звязаных з адказнасцю ваеннаабавязаных, ваенным камісарам мабільнаму аператару будзе накіроўвацца адпаведны запыт. Абавязак аператара даваць звесткі аб абаненцкіх нумарах устаноўлены ў разгляданым законапраекце», — растлумачыў Гулевіч.

Таксама раней стала вядома, што Савет Міністраў Беларусі прапанаваў заканадаўча замацаваць магчымасць выкліку беларускіх прызыўнікоў у ваенкамат з дапамогай СМС-паведамленняў.

Аднак, па словах Віктара Гулевіча, прыраўноўвацца да традыцыйных позваў яны будуць толькі ў ваенны час.

Акрамя таго, у гэтым жа законапраекце прапануецца павысіць штрафы за парушэнні супраць парадку прыпіскі беларусаў да прызыўных участкаў, прызыву на вайсковую службу і вайсковага ўліку.
https://nashaniva.com/329506