
Урад Беларусі вызначыў, як будуць выбіраць кандыдатаў у атрады апалчэння і іх камандзіраў.
„У час адбору прымаюцца да ўвагі стаўленне кандыдата да палітыкі, якую праводзіць дзяржава, гатовасць да ўдзелу ва ўзброенай абароне краіны, ровень яго вайсковай падрыхтоўкі”, — адзначаецца ў пастанове.
Адзначаецца, што атрады будуць фармавацца на добраахвотніцкай аснове, кожны з іх — у колькасці ад 20 да 100 апалчэнцаў. Ахвотных будуць уключаць пасля асабістай гутаркі і па ўзгадненні з мясцовымі органамі ўнутраных спраў, дзяржбяспекі і аховы здароўя. Пры прызначэнні камандзіраў і іх намеснікаў будуць пільна вывучаць звесткі аб правапарушэннях кандыдатаў, а таксама аб учыненых “дзеяннях, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”. Пасля залічэння ў атрад народнага апалчэння кожны добраахвотнік атрымае пасведчанне, зброю і боезапасы да яе.
