Пробны праект па “аптымізацыі” колькасьці работнікаў бюджэтных арганізацый мае на мэце «падвышэнне эфектыўнасці расходаваньня сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў», гаворыцца ў пастанове Савета міністраў, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Кіраўнікі вызначаных Саўмінам арганізацый скароцяць штатныя адзінкі і ўскладуць працу, якую яны выконвалі, на іншых супрацоўнікаў. Пры гэтым кіраўнік мусіць вызначыць «аптымальную нагрузку» для работнікаў, якую яны змогуць выконваць за звычайны працоўны дзень «бяз шкоды тэрмінам і якасці выкананых работ», гаворыцца ў пастанове.

Згодна з дакументам, скарачэнне штатаў плануюць у 26 бюджэтных установах па ўсёй Беларусі. У Гарадзенскай вобласці паэксперыментуюць на наступных установах:

Смаргонскі раённы цэнтар творчасці дзяцей і моладзі,

Наваградская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 2,

Наваградская раённая бібліятэка,

Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў Гарадзенскай вобласці.

У Саўміне запэўніваюць, што работніку ня змогуць даць дадатковую нагрузку «безь ягонай пісьмовай згоды» і што ён зможа «датэрмінова адмовіцца выконваць дадатковую работу».

Эксперымэнт працягнецца да 15 снежня 2024 году. Па яго заканчэнні кіраўнікі гэтых арганізацый мусяць даць справаздачу пра зэканомленыя ў выніку аптымізацыі штату сродках, а дзяржаўныя органы разам з аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам прааналізуюць вынікі і ўнясуць прапановы па пераглядзе тыпавых штатаў, нарматываў колькасці і памераў надбавак работнікам бюджэтных арганізацый. Іх разгледзяць Міністэрствы працы і сацыяльнай абароны і Мінфін і да 15 снежня 2024 году ўнясуць адпаведныя прапановы ў Саўмін.