Мы ўжо паведамлялі, што шэраг суддзяў Гарадзенскай вобласці пайшлі на падвышэнне. Паводле таго ж указу некалькі суддзяў розных судоў выйшлі ў адстаўку. Больш ня будуць суддзямі наступныя “кадры”:

Алена Бальцэвіч – суд Ленінскага раёну Гародні;

Дзмітрый Грышын – суд Гарадзенскага раёну;

Анатоль Заяц – Гарадзенскі абласны суд;

Ірына Каско – суд Карэліцкага раёну;

Васіль Розмысла – суд Шчучынскага раёну;

Мікалай Талашка – суд Ваўкавыскага раёну.

Практычна ўсе з пералічаных нямала папрацавалі і на ніве палітычна матываваных адміністрацыйных і крымінальных спраў, у выніку чаго абвяшчаліся карныя выракі. Так Ірына Каско больш 20 гадоў працавала ў Карэліцкім судзе.

Асабліва багаты “паслужны” спіс у Мікалая Талашкі – на яго рахунку дзясяткі палітычных крымінальных і адміністрацыйных спраў у Ваўкавыску.

Дзмітры Грышын толькі за апошні час засудзіў да трох гадоў калоніі гарадзенца Руслана Красава за за пост у сацсетках пра Лукашэнку і да трох з паловай гадоў калоніі за “незаконнае перасячэнне мяжы” Алесю Буневіч.

Анатоль Заяц, які значны час працаваў намеснікам старшыні абласнога суду, раней стараўся палітычных спраў на сябе ня браць, але неаднаразова не задавальняў касацыйныя і апеляцыйныя скаргі незаконна засуджаных да пакарання. З крымінальных спраў трэба ўспомніць палітычную справу Юрыя Станеўскага, якога Заяц у кастрычніку 2022 году засудзіў ажно да 7 гадоў калоніі і справу палітвязня Аляксея Сянько, якога ў верасні 2022 году засудзіў да 2-х гадоў калоніі па “справе Зельцара”

Акрамя пералічаных Сяргей Слашчоў вызвалены з пасады суддзі Кастрычніцкага раёну Гародні па ўласным жаданні.