
З нагоды Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада краіны Еўразвязу выступілі з супольнай заявай па Беларусі. Заява апублікаваная на сайце Рады Еўропы.
У дакуменце краіны ЕЗ рашуча асудзілі «штучна створаны міграцыйны ціск» на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ, удзел рэжыму Лукашэнкі «ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны і яго ўдзел у распаўсюджванні прапаганды і дэзінфармацыі», «усе акты гвалту, фізічнага або псіхалагічнага, у дачыненні да грамадзянскага насельніцтва з боку рэжыму Лукашэнкі”. Таксама ў ЕЗ заявілі, што «па-ранейшаму адданыя пастаяннай падтрымцы беларускіх дэмакратычных сіл».
У заяве таксама падкрэслілі неабходнасць «абароны правоў дэмакратычна настроеных грамадзян», згадаўшы іх права на пражыванне ў краінах, куды яны былі вымушаныя ўцякаць. Акрамя гэтага, краіны ЕЗ зноў заклікалі рэжым Лукашэнкі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў.
