
Палітзняволенага гарадзенскага журналіста Паўла Мажэйку этапавалі з СІЗА ў папраўчую калонію ўзмоцненага рэжыму. Якую — пакуль невядома, як і тэрмін, колькі будзе доўжыцца этап, расказала яго жонка Ірына Чарняўка. Сваякі будуць чакаць ад Паўла ліст, калі ён ужо прыбудзе на месца.
Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года ў Гародні паcля вяртання ў Беларусь з Польшчы. Разам з адвакаткай Юліяй Юргілевіч яго засудзілі да зняволення па абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Абодвух Гарадзенскі абласны суд прыгаварыў да 6 гадоў зняволення. Паводле следства, Юлія расказала ў тэлефоннай гутарцы Паўлу пра сваё звальненне з адвакатуры і пра прысуд мастаку Алесю Пушкіну, а Павел нібыта перадаў гэтую інфармацыю тэлеканалу «Белсат». Спосаб, час і датычных да гэтага іншых асоб следства не высветліла. Фігуранты справы сваёй віны не прызналі.
