
Беларускі паэт, пісьменьнік, перакладнік Міхась Багун (сапраўднае прозвішча Блошкін) нарадзіўся 9 лістапада 1908 года ў Менску. Паходзіў з сям’і службоўца Фёдара Блошкіна. Дзед пісьменніка – удзельнік Першай сусветнай вайны, палкоўнік царскай расійскай арміі, Яфім Фадзеевіч Кукарэнка, удзельнік баёў за Шыпку. Бацька пісьменніка – удзельнік Першай сусветнай вайны, Фёдар Сазонтавіч Блошкін. Маці – Вера Яфімаўна Блошкіна, перакладчыца з французскай мовы. Менавіта ёй Міхась Багун адрасаваў радкі верша: „Прыйду дамоў i срэбную матулю абдыму”. Родны брат (малодшы) – Мікалай Фёдаравіч Блошкін, ветэран Другой сусветнай вайны, пісьменнік, удзельнік вызвалення Рэйхстага.
У 1920 годзе Міхась Багун скончыў педагагічныя курсы пры Менскім педагагічным тэхнікуме. У 1929-30 гадах працаваў вясковым настаўнікам. Першы верш апублікаваў у 1925 годзе ў газеце «Беларуская вёска». З 1932 года працаваў у Менску ў Дзяржаўным выдавецтве і рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва». Тут пачалася ягоная актыўная творчая дзейнасць. Цягам трох гадоў Дзяржаўнае выдавецтва БССР выпусціла ў свет чатыры кнігі Міхася Багуна. У 1933 годзе – першы зборнік вершаў «Залатая рань», у 1935 годзе дзве кнігі – «Рэха бур» і «Паэмы», у 1934 годзе кнігу «Вершы і апавяданні». Аўтар паэмаў «Крокі ў вяках» (1930) і «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Багун – адзін з ініцыятараў стварэння Таварыства аматараў выпіць і закусіць (ТАВІЗ) – нефармальнага літаратурнага аб’яднання беларускіх літаратараў 1920-30-ых гадоў, у якое ў розны час уваходзілі Тодар Кляшторны, Уладзімір Хадыка, Алесь Дудар, Валерый Маракоў, Сяргей Дарожны, Юлій Таўбін ды іншыя. Назву ТАВІЗ прыдумаў менавіта Багун. Паседжанні праходзілі звычайна ў Менску на кватэры ў Багуна альбо ў шашлычнай на вуліцы Камсамольскай ці ў маленькім бары – уніз па вуліцы Савецкай. У рэдкіх выпадках літаратары сустракаліся ў падвале Дома пісьменніка (які размяшчаўся тады ў доме 68 па той жа Савецкай вуліцы), дзе некаторы час быў рэстаран.
Міхась Багун пісаў не толькі вершы і паэмы, але і прозу, займаўся перакладамі. Пераклаў на беларускую мову раманы Л. Першамайскага «Наваколлі» (1931 год, у суаўтарстве), Ф. Панфёрава «Брускі» (1932 год, у суаўтарстве), М. Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936 год), асобныя творы А. Пушкіна , У. Маякоўскага, Э. Багрыцкага, Я. Гашэка, Р. Альберці. На словы Міхася Багуна напісаны шэраг песень. Ім перакладзена шмат музычных твораў для Менскага тэатра і кансерваторыі.
4 лістапада 1936 года Багун быў арыштаваны (па заведама ілжывым даносе пісьменніка Эдуарда Самуйленка пра тое, што нібыта страляў у партрэт Сталіна) і прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Да месца адбыцця пакарання павезлі яго ў таварным вагоне, зімой, апранутага толькі ў кашулю і пінжак. Памёр у лютым 1938 года (17-га ці 23-га) у перасыльным лагерным пункце ў сібірскіх лагерах сістэмы СІБЛАГ у Марыінску. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29 снежня 1954 года. Пастановай пасяджэння Прэзідыума Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР ад 21 лютага 1957 года адноўлены пасмяротна ў правах сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года.
Месца пахавання Міхася Багуна невядомае. Сімвалічная магіла пісьменніка (кенатаф) знаходзіцца на Старых каталіцкіх фарных могілках у Гародні, побач з магілай маці Веры Яфімаўны.
