Увечары 12 лістапада ў скверы Вольнай Беларусі, што пад консульствам афіцыйнай РБ, у Беластоку прайшла акцыя памяці забітага ўладнымі прадстаўнікамі тры гады таму ў Менску Рамана Бандарэнкі. На акцыю памяці і салідарнасці па закліку беларускай дыяспары Беластоку сабралася каля 100 чалавек

Прысутныя прыгадалі падзеі таго трагічнага дня, назвалі імёны вінаватых у забойстве Рамана Бандарэнкі, які выйшаў у свой двор пацікавіцца чаму нішчацца павязаныя стужачкі і бараніў свае погляды. У выступах удзельнікаў акцыі скрозь праходзіла думка, што нельга дараваць гэтае і шматлікія іншыя злачынствы прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі, якія павінны ўрэшце адказаць паводле закону за свае дзеянні. Разам з тым ні ў кога няма ілюзій, што справядлівасць надыдзе хутка і злачынцы будуць пакараныя бліжэйшым часам. Працэс змагання дабра і зла працягваецца і невядома колькі ён будзе яшчэ доўжыцца.

Выступоўцы падкрэслівалі, што змаганне за вольнасць і вызваленне ад усходніх акупантаў ідзе ўжо больш двухсот гадоў і яно завяршыцца альбо гібеллю беларускай нацыі альбо аднаўленнем свабоды, суверэнітэту і законнасці. Акцыя памяці і годнага ўшанавання загінулых за свабоду беларускага народу доўжылася каля 40 хвілін.