
12 лістапада адзначаецца Дзень Міжнароднай салідарнасці з Беларуссю, ўшаноўваецца памяць Рамана Бандарэнкі ды іншых ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.
12 лістапада 2020 году ў выніку збіцця пасля затрымання на „Плошчы пераменаў”, памёр 31-гадовы Раман Бандарэнка. Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, дакладна невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камераў назірання пазналі экс-кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна свету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Наталлю Эйсмант.
Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Святлана Ціханоўская заклікала ў гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасці, дзяліцца навінамі з Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязняў, а таксама палка Каліноўскага.
Акцыі памяці Рамана Бандарэнкі пройдуць сёння ў Беластоку, Вільні, Варшаве, Гданьску, Вроцлаве, Познані ды іншых гарадах.
