
Францішак Чарняўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, рэлігійна-асьветніцкі публіцыст, выдавец, дзеяч эміграцыі (Францыя, Бельгія, ЗША) нарадзіўся 15 лістапада 1893 году.
Францішак Чарняўскі скончыў вучэльню ў Ашмянах, з 1916 году навучаўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі. Пасьвечаны 30 траўня 1920 году, пачаў служыць у Сухаволі на пасадзе вікарыя. Служыў таксама ў Саколцы і ў Кузьніцы. Чытаў пропаведзі на беларускай мове і распаўсюджваў сярод вернікаў беларускія выданьні. У 1924—1927 навучаўся ў Рыме, у Грыгарыянскім універсітэце і Ўсходнім Папскім інстытуце. Абараніў магістарскую дысэртацыю. У 1927 годзе вярнуўся ў Беларусь, паступіў у навіцыят у манастыры марыянаў у Друі, але пакінуў яго пасьля таго, як Фабіян Абрантовіч быў накіраваны ў Харбін. Прымаў удзел у складзе беларускай дэлегацыі ў 5-м уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславаччына). З 1929 году знаходзіўся на місіі сярод беларусаў і палякаў у Францыі, з 1933 году — у Бельгіі, у 1953—1955 гадах жыў у бэнэдыктынскім кляштары. Рэдагаваў бюлетэнь «Божае слова». З 1957 году жыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».
Памёр 31 траўня 1979 году ў амэрыканскім горадзе Амстэрдаме (штат Нью-Ёрк).
