13 лістапада Летувіская Амбасада ў Менску выставіла на сваёй старонцы ў фэйсбуку пост падтрымкі з заклікам неадкладнага вызвалення палітвязня Дзяніса Івашына. Дыпламаты нагадалі, што гарадзенскага журналіста ўвязнілі паводле сфабрыкаваных абінавачанняў у «здрадзе дзяржаве» пасля яго публікацый пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі на больш чым 13 год узмоцненага рэжыму, які ў чэрвені гэтага году замянілі на строгі, перавёўшы Івашына ў жодзінскую турму №8.

Апошнія месяцы Дзяніс Івашын, паводле словаў жонкі Вольгі Івашынай, не меў праблемаў з фізічным здароўем, ён рэгулярна займаецца фізкультурай, шмат чытае мастацкай і навуковай літаратуры, перыядычных выданняў, піша лісты родным, хаця не ўсе яны трапляюць да адрасатаў. Напрыклад, Вольга не атрымала ліст №52, які быў напісаны палітвязнем у верасні месяцы, а таксама віншавальную паштоўку да дня іх з мужам знаёмства 28 верасня.

Жонка Дзяніса Івашына на мінулым тыдні таксама паведамляла пра шматлікія акцыі салідарнасці і падтрымкі з журналістам-палітвязнем, у адной з якіх Вольга сама ўдзельнічала. Яшчэ Вольга Івашына звярнулася да неабыякавых людзей з просьбай скласці для яе мужа спіс якаснай літаратуры, якую ён зможа або замовіць сабе ў бібліятэцы турмы, або набыць для сябе праз адмысловы «Кніжны клуб». Палітвязень некалькі месяцаў таму зарэгістраваўся ў гэтым клубе і нават атрымаў ад яго каталог для ажыццяўлення замоваў.

Таксама Дзяніс Івашын штомесяц тэлефануе сваякам, паведамляе пра свой стан, распытвае пра навіны ад іх. Палітвязень, нягледзячы на несправядлівае ўвязненне і жорсткія ўмовы ўтрымання ў лукашэнкаўскіх турмах, захоўвае аптымізм, сілу духа ды яшчэ і падтрымлівае сваіх родных.

У адным з лістоў да жонкі журналіст прапанаваў нізку кінафільмаў для прагляду, сярод якіх былі ўзгаданыя стужкі, якія яшчэ толькі рыхтуюцца да выхаду ў пракат. Сваякі не ведаюць, адкуль Івашын так абазнаны ў кінанавінках, але яны з радасцю падзяліліся з беларусамі прапанаваным Дзянісам спісам.