
1644 беларусы былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы цягам апошняга года, піша delfi.lt са спасылкай на Дэпартамент міграцыі. Сярод расейцаў такіх — 397 чалавек.
Напрыканцы лістапада 2022 года для расейцаў і беларусаў зрабілі абавязковую спецыяльную анкету, дзе яны мусілі акрэсліць сваё стаўленне да расейскай агрэсіі ва Украіне. У выніку гэтага анкетавання больш за 2000 чалавек прызнаныя пагрозай нацбяспецы.
Таксама з лістапада мінулага году 562 беларусы і 76 расейцаў атрымалі адмовы ў выдачы часовага віду на жыхарства, 343 беларусам і 84 расейцам не дазволілі замяніць такі дакумент, а ў 450 беларусаў і 90 расейцаў адклікалі раней выдадзеныя дазволы. Пары беларусаў і пары расейцаў адмовілі ў выдачы пастаянных відаў на жыхарства, а ў васьмі беларусаў і 90 расейцаў такія дакументы былі ануляваныя. Адмовы ў выдачы нацыянальнай літоўскай візы атрымалі 279 беларусаў і 55 расейцаў.
Дырэктар Дэпартамента міграцыі Эліна Гудзінскайце мяркуе, што спецыяльная анкета дапамагае выявіць замежнікаў, якія ўяўляюць пагрозу дзяржаўнай бяспецы Літвы.
Еўрарадыё
