Гарадзенскі журналіст і грамадскі дзеяч Анджэй Пачобут ужо 32 месяцы знаходзіцца за кратамі.

Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года па так званай “польскай справе” — разам з іншымі актывістамі польскай меншасці. Трох затрыманых актывістак пазней выпусцілі з-за кратаў, дазволіўшы выехаць у Польшчу. У Беларусі засталіся Пачобут і старшыня неафіцыйнага “Саюза Палякаў у Беларусі” Анжаліка Борыс. Яе сёлета ўвесну перавялі пад падпіску аб невыездзе. 

За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Пачобута звінавацілі ў “распальванні варажнечы па нацыяльнай прыкмеце”. Таксама яго звінавацілі ў закліках да санкцый. 

Працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе з 16 студзеня бягучага году ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі з невядомых прычын. У выніку выканаўца карнага прысуду Дзмітры Бубенчык прысудзіў журналісту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

За кратамі Пачобут сустрэў свае 50-ыя ўгодкі. Часта яго змяшчаюць у ШІЗА.

Зараз Анджэй Пачобут у зняволенні ў Наваполацку, сувязі з ім у сваякоў мінімальныя і рэдкія.

Адрас: ПК № 1, 211440, Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Андрэй Станіслававіч Пачобут