У панядзелак, 27 лістапада, пачынаецца суд над Аляксандрай Каско, пружанскай жанчынай, якая раней жыла ў Ваўкавыску, потым была за мяжой і вярнулася ў Беларусь. Яе вінавацяць ажно па васьмі артыкулах Крымінальнага Кодэксу. Весці працэс у абласным судзе будзе небезвядомы Дзмітрый Бубенчык.

Яе спачатку звінавацілі паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса за два інтэрв’ю «інфармацыйнаму рэсурсу, які прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем».

Затым стала вядома, што яе будуць судзіць паводле васьмі крымінальных артыкулаў:

  • ч.3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 3 арт. 203-1 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных звестак);
  • ч. ч. 1,2 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім);
  • ч. ч. 1,2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
  • ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку);
  • ч. ч. 1,2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі);
  • арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады);
  • арт. 391 (абраза суддзі).

12 верасня КДБ унёс Аляксандру Каско ў «спіс тэрарыстаў». 

Таксама яна ўнесеная ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Напомнім, што 10 лютага 2023 году Аляксандру Каско судзілі ў Ваўкавыскім раённым судзе паводле адміністрацыйнай справы. Мікалай Талашка засудзіў жанчыну да 10 сутак адміністрацыйнага арышту паводле часткі 2 артыкулу 19.11 КаАП – распаўсюд, выраб, захаванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць.

20 лютага Аляксандра Каско не выйшла на свабоду. Была пачатая крымінальная справа. Цяпер утрымліваецца Каско ў гарадзенскай турме №1.