
Выбітны беларускі дзеяч Сымон Рак-Міхайлоўскі нарадзіўся 14 красавіка 1885 году ў вёсцы Максімаўка (тагачасны Вялейскі павет, цяпер Маладэчанскі раён Менскай вобласці). У нашай гісторыі ён ведамы як публіцыст, рэдактар, паэт, грамадска-палітычны дзеяч. Арганізатар і сябра ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Беларускай народнай рады.
У 1900-1904 гадах Міхайлоўскі вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, потым настаўнічаў ў гэтым краі. У час рэвалюцыі 1905-07 гадоў быў выбраны сялянамі хадаком у Дзяржаўную думу. За распаўсюд сацыял-дэмакратычнай літаратуры зняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым змушаны з’ехаць у Крым. У 1912 годзе ў Феадосіі скончыў педінстытут. Пасля вярнуўся на радзіму, дзе пачаў арганізоўваць беларускія школы. Стаў сябрам Беларускай сацыялістычнай Грамады.
У 1914-ым Рак-Міхайлоўскі быў мабілізаваны ў расейскае войска, ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 годзе (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ў Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 году – сябра Рады БНР. У 1918-19 – сябра Беларускай вайсковай камісіі. У 1918-20-ых жыў у Гародні, працаваў у беларускай гімназіі. Стала друкавацца як публіцыст пачаў з 1919 году. Пісаў пад псеўданімамі Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак.
У 1920-22 гадах быў дырэктарам Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах. Пра гэта сведчыць і адмысловая шыльда на абшарпаных мурах колішняга барунскага базыльянскага кляштара. Адначасна з восені 1920 году – настаўнік Віленскай беларускай гімназіі.

Будынак былой настаўніцкай семінарыі ў Барунах
У 1922 годзе абраны дэпутатам сейма Другой Рэчы Паспалітай. З 1923-га – сябра Цэнтральнай школьнай рады (з 1926-га – Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 года – намеснік старшыні ЦК БСРГ. З 1926-га – сябра КПЗБ. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ», сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні.

Рак-Міхайлоўскі быў арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ у студзені 1927 году, праз некалькі месяцаў віленскім акруговым судом на «працэсе 56-і» асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэння апеляцыйнага суда вызвалены ў 1930 годзе. Увайшоў у склад камітэта «Змаганне». З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930-га перабраўся ў Менск. Але трапіў па-сутнасці з агню ў полымя. З лютага 1931-га году і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Арыштаваны ГПУ БССР 16 жніўня 1933 году ў Менску па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Рашэннем судовай калегіі ОГПУ СССР ад 9 студзеня 1934 году як «арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ», прыгавораны да расстрэлу, прысуд заменены на 10 гадоў савецкага канцлагеру. Адпраўлены на Салаўкі, але ў верасні 1937 году этапаваны ў Менск. 14 лістапада 1938 году «асобай тройкай» НКВД БССР прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 27 лістапада 1938 году.
Быў рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА ў 1956 годзе. У Маладэчне імем Сымона Рак-Міхайлоўскага названа вуліца. Цікава, што менавіта Міхайлоўскі напісаў музыку да рамансу на словы Максіма Багдановіча «Зорка Венера». Але з-за таго, што Рак-Міхайлоўскі быў рэпрэсаваны, аўтарства раманса ў даведкавай літаратуры падавалася народным, а пасля выкарыстання музыкі ў аднайменнай оперы аўтарам памылкова лічылі Юрыя Семяняку.
