Усебеларускае аб’яднанне паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк» – аб’яднанне беларускіх пісьменнікаў савецкага часу, якое існавала і дзеіла з 1923-га па 1928-ы год. Гэта першае маштабнае літаратурнае аб’яднанне Беларусі. Аб’яднанне ўзнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк» (лістапад 1923 года). Заснавальнікамі былі: Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча. Назву «Усебеларускае аб’яднанне…» гурток узяў пасля стварэння філіі ў Маскве (травень 1924 года) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве. Філіі былі ў Менску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах («Калінінская філія»), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе (Расія), Празе (Чэхія), Рызе (Латвія) філія»); студыі і гурткі – у многіх гарадах і мястэчках. У склад аб’яднання ўваходзілі нацыянальныя секцыі рускіх, польскіх, яўрэйскіх, літоўскіх пісьменнікаў.

25-29 лістапада 1925 года адбыўся Першы Усебеларускі з’езд «Маладняка», у ім узялі ўдзел 74 (ці 71) дэлегаты, у тым ліку Майк Ягансан і Уладзімір Гадзінскі ад Украіны. Захаваўся фотаздымак удзельнікаў таго з’езду. Як было агалошана на з’ездзе, «Маладняк» на той час складаўся са 101 сябра, 89 кандыдатаў і 128 студыйцаў, якія ўваходзілі ў 12 філій.

Кіраўнічым органам спярша быў Прэзідыум, потым – Цэнтральнае Бюро (з лютага 1925 года). ЦБ у розныя гады ўзначальвалі Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Уладзімір Дубоўка, Платон Галавач. Друкаваны орган – часопіс «Маладняк» (нумары з 9/1926 да 11/1928). Многія філіялы мелі ўласныя часопісы або альманахі. З траўня 1925 года аб’яднанне выдавала на свае сродкі бібліятэчку («кніжніцу») – невялікія зборнікі твораў сваіх сяброў (выйшла каля 60).

Сябрамі аб’яднання ў розны час былі Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Кандрат Крапіва, Уладзімір Дубоўка, Уладзіслаў Галубок, Янка Журба, Алесь Гурло, Міхась Лынькоў, Паўлюк Трус, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Міхась Зарэцкі, Нічыпар Чарнушэвіч, Алесь Якімовіч, Мікола Аляхновіч, Рыгор Мурашка, Ілары Барашка, Васіль Каваль, Васіль Сташэўскі, Ян Скрыган, Алесь Звонак, Станіслаў Шушкевіч, Кастусь Губарэвіч, Уладзімір Жылка, Мікола Нікановіч, Тодар Кляшторны, Уладзімір Хадыка, Зінаіда Бандарына, Юрка Гаўрук, Васіль Гарбацэвіч, Валерый Маракоў, Леапольд Родзевіч, Сяргей Фамін ды іншыя.

Аб’яднанне праводзіла вялікую выхаваўчую працу сярод моладзі, спрыяла выяўленню талентаў, наладжвала сувязі з літаратурнымі арганізацыямі іншых савецкіх рэспублік (Украінскай, Расійскай, Грузінскай), кнігаабмен з іншымі краінамі. З цягам часу ў аб’яднанні выспеў крызіс, вынікам якога стаў расклад арганізацыі і выхад з яе складу ў траўні 1926 года многіх сяброў (Чорны, Крапіва, Дубоўка, Бабарэка, Глебка, Пушча, Лужанін і інш.) а на мяжы 1927—1928 гадоў – і асноўнага кіравальнага ядра (Чарот, Зарэцкі, Вольны, Дудар, Сташэўскі і інш.). Аб’яднанне было рэарганізавана ў БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў, лістапад 1928 года).

Філіялы 20.10.1930 года былі ліквідаваныя, на іх базе створаныя літаратурныя гурткі, студыі пры буйных прадпрыемствах і калгасах. Арганізацыя спыніла дзейнасць у адпаведнасці з Пастановай ЦК КП (б)Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» (27.05.1932). Бальшыня маладнякоўцаў была расстраляная НКВД у 1937 годзе. Некаторыя прайшлі сталінскія канцлагеры, але выжылі.