Сяргей Асовік злева

У Шчучыне памёр начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, сваяк міністра Маркевіча

42-гадовы Сяргей Асовік летась быў узнагароджаны медалём. А ў 2020-м здымаў на відэа пратэсты.

Па інфармацыі «Еўрарадыё», міліцыянту стала кепска на працоўным месцы. Дактары «хуткай» яго не вярнулі да жыцця.

Смерць міліцыянта чытачу «Нашай Нівы» пацвердзілі ў Шчучынскім РАУСе. На сёння, 29 лістапада, у Асовіка быў запланаваны асабісты прыём грамадзян.

Сяргей Асовік, намеснік начальніка Шчучынскага РАУС, муж малодшай дачкі міністра культуры Анатоля Маркевіча. Яна працуе ва ўпраўленні эканомікі Шчучынскага райвыканкаму. Сваяцтва з Маркевічамі паспрыяла хуткаму прасоўванню Асовіка па службе.

У 2015 годзе ён яшчэ быў участковым інспектарам у званні маёра. У 2020 годзе быў падпалкоўнікам на пасадзе начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. А на пачатку 2023-га стаў начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі.

Сяргей Асовік у 2020 годзе асабіста здымаў на відэа мясцовыя пратэсты. Удзельнічаў у пераследзе землякоў за іншадумства. Указам Лукашэнкі пасля “рэферэндуму” 2022 году Асовік быў узнагароджаны медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку».
https://nashaniva.com/331218