Беларускі грамадска-палітычны і асветны дзеяч, мовазнавец, літаратуразнавец, публіцыст Браніслаў Тарашкевіч нарадзіўся 20 студзеня 1892 года ў засценку Мацюлішкі (каля 30 км. ад Вільні) у сялянскай сям’і. Дапамагаў бацьку на гаспадарцы, быў пастухом. У народнай вучэльні Браніслаў паказаў выдатныя вынікі. У 1906 г. пані Гелена Стамброўская забрала яго да сябе і дапамагла паступіць у 3 клас 2-й Віленскай гімназіі. У 16 гадоў Браніслаў пачаў зарабляць рэпетытарствам. У гімназіі паказаў сябе добрым вучнем. Трапіў ў студэнцкія згуртаванні, адным з такіх была арганізацыя з клерыкальным кірункам “Вызваленне”. Яна дзеіла пад лозунгам: “Навука, Цнота, Айчына”на узор філаматаў. Тарашкевіч быў у левым крыле гуртка, цікавіўся палітычнай філасофіяй і эканомікай. Тады ён самавызначыўся як беларус, перастаў хадзіць у касцёл. У час навучання ў Вільні пазнаёміўся з беларускай
інтэлігенцыяй, рэдакцыяй “Нашай Нівы”.  
У жніўні 1911 г. прыняты на гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Цягам чатырох гадоў вучыўся пад кіраўніцтвам вядомых мовазнаўцаў. Навуковым кіраўніком Браніслава быў акадэмік Аляксей Шахматаў. У Пецярбургу Браніслаў стварыў і ўзначаліў навукова-літаратурны гурток. Даволі блізка сышоўся з Янкам Купалам. У Пецярбургу Тарашкевіч прыхільна ставіўся да польскага нацыянальнага руху. У 1916 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Петраградскага ўніверсітэта, працаваў там прыват-дацэнтам-філолагам. У 1917 г. стаў удзельнікам і адным з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Быў у Менску ў час абвяшчэння БНР. Актыўны дзеяч у Беларускім народным камісарыяце ў Петраградзе ў лютым 1918 г., загадчык аддзелу культуры і асветы.
Выкладаў беларускую і старажытнагрэцкую мовы ў Менскім педагагічным інстытуце. З наступам бальшавікоў з’ехаў у Вільню. У 1920 г. – загадчык беларускага сектара дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы, з 1921 г. – дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 годзе абраны паслом у польскі сойм. Тры гады старшыня Беларускага пасольскага клуба.
Распрацаваў праект аўтаноміі Беларусі, кансультаваўся з адвакатам Тадэвушам
Урублеўскім. У лютым 1924 г. узяў удзел у стварэнні Беларуска-польскага таварыства ў Вільні, за што быў адхілены ад старшынства ў Беларускім пасольскім клубе. У 1925 годзе выйшаў з БПК і заснаваў пасольскі клуб БСРГ. Стаў старшынём клубу, а пасля і створанай на яго аснове палітычнай партыі. Шчыльна зблізіўся з лідарамі КПЗБ, быў прыняты ў партыю.
У студзені 1927 годзе арыштаваны ўладамі Польшчы, у траўні 1928 году засуджаны на 12 год зняволення. У 1929 годзе тэрмін зменшаны да 8 гадоў, а ў траўні 1930 году датэрмінова выйшаў з турмы. Актыўна далучыўся да камуністычнай выбарчай кампаніі ў польскі парламент, уваходзіў у клуб “Змаганне”. Жыў у Гданьску. У лютым 1931 г. арыштаваны пры спробе праехаць праз польскую тэрыторыю ў Берлін. Засуджаны да 8 год турмы. У верасні 1933 годзе у выніку абмену палітвязнямі, выехаў у СССР.
6 траўня 1937 г. арыштаваны. У студзені 1938 году НКВД прыгавораны да расстрэлу. Па афіцыйнай версіі расстраляны 29 лістапада 1938 года. Найверагодней яго закатавалі да смерці.

Тарашкевіч – аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы (выдадзена ў 1918 г. у Вільні ў друкарні Марціна Кухты лацінкай і кірыліцай), пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. Імем Тарашкевіча названы вуліцы ў Маладэчне, Радашковічах, Менску.