Стала вядома, што супраць гарадзенскага журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча вядзецца крымінальная справа. Яе пачалі па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэксу (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Фігуруюць частка 1 артыкулу (Вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама частка 2 згаданага артыкулу (Тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў).

Па гэтым артыкуле пагражае абмежаванне свабоды ад двух да пяці гадоў альбо пазбаўленне свабоды на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Уладзімір Хільмановіч ужо два з паловай гады не пражывае ў Беларусі. Тыдзень таму ў кватэры па месцы яго прапіскі паводле пастановы накладання следчымі органамі арышту на маёмасць была апісаная мэбля і старая лядоўня.

А 1 снежня ў кватэры жонкі Уладзіміра Хільмановіча, дзе ён пражываў з 2014-га па 2021 год, быў праведзены ператрус. У выніку ператрусу забраныя працэсар кампутара, старое пасведчанне (відаць журналісцкае), 25 кніг, музычны дыск, паштовыя маркі, розныя канверты, паштоўкі, буклеты, значкі, шматлікія газеты. Таксама была апісаная ўся бытавая тэхніка (тэлевізар, лядоўня, пральная машына).