Вашай увазе рэгіянальны каляндар круглых і юбілейных датаў на cьнежань 2023 году.

1 сьнежня

Сусьветны дзень змаганьня з СНІДам

4 сьнежня

220 гадоў таму (1803) – Памёр Давыд Пільхоўскі, асьветнік, пісьменьнік, перакладнік, выдавец. Часта бываў на Наваградчыне, калі працаваў інспектарам навучальных устаноў.

5 сьнежня

10 гадоў таму (2013) – У Ваўкавыскім раёне памёр Зьміцер Іваноўскі, беларускі мастак, грамадзкі актывіст. Пахаваны ў Гародні на могілках у Авульсе.

7 сьнежня

160 гадоў таму (1863) – У Вільні памёр Ануфры Петрашкевіч (нар. у 1793 г. у Шчучыне), філамат, паэт, архівіст, удзельнік паўстаньня 1831. Пахаваны на віленскіх могілках Росы.

145 гадоў таму (1878) – У в. Навасады (Ашмянскі р-н) нарадзіўся Андрэй Зязюля (сапр. Аляксандар Астрамовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, паэт.

80 гадоў таму (1943) – У Менску невядомымі забіты Вацлаў Іваноўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, адзін з ствараньнікаў Грамады, асьветнік, выдавец, міністар асьветы ў Радзе БНР. Нараджэнец м. Лябёдка (Шчучынскі р-н). Пахаваны ў Менску на Кальварыйскіх могілках.

9 сьнежня

755 гадоў таму (1268) – Забіты Войшалк (нар. у 1223 г.), князь Наваградзкі, вялікі князь ВКЛ (1263-67 гг.).

50 гадоў таму (1973) – У Вільні памёр Янка Шутовіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец, вязень савецкіх канцлягероў. Нараджэнец в. Шутавічы (Смургонскі р-н). Пахаваны ў Павільнісе.

10 сьнежня

Сусьветны дзень правоў чалавека

135 гадоў таму (1888) – У Гарадку (на Беласточчыне) нарадзіўся Мікола Дзямідаў, вайсковы, грамадзка-палітычны дзеяч; у 1943 годзе акруговы школьны інспектар, арганізатар батальёну беларускай самааховы ў Лідзе.

110 гадоў таму (1913) – У в. Лабна (Лабно, Гарадзенскі р-н) нарадзіўся Вацлаў Гебельт, шахматны кампазіст, вязень ГУЛАГу, пасьля вызваленьня ў 1949 г. жыў да сьмерці ў Лідзе.

14 сьнежня

445 гадоў таму (1578) – Нарадзіўся Юры Радзівіл, дзяржаўны дзея ВКЛ. Валодаў маёнткамі Індура (Гарадзенскі р-н), Бяліца, Дакудава (Лідскі р-н), Жырмуны (Вараноўскі р-н), Жупраны (Ашмянскі р-н).

15 сьнежня

315 гадоў таму (1708) – У Жодзішках Барбарай Міцкевіч заснаваны езуіцкі калегіум.

16 сьнежня

105 гадоў таму (1918) – У Гародні пачаўся беларускі сялянскі зьезд (праходзіў 16-17 сьнежня).

17 сьнежня

175 гадоў таму (1848) – У Альбярціне (пад Слонімам) нарадзіўся Зыгмунт Пуслоўскі, мецэнат, калекцыянер.

21 сьнежня

105 гадоў таму (1918) – У Гародні на паседжанні Рада БНР стварыла Раду Дзяржаўнай абароны на чале з Вацлавам Ластоўскім і Кіпрыянам Кандратовічам.

22 сьнежня

225 гадоў таму (1798) – У Гародні памёр Джузэпэ Сака (нар. у 1735 г. у Вероне), італійскі архітэктар, які працаваў на Віленшчыне і Гарадзеншчыне. Пахаваны ў Гародні на старых каталіцкіх могілках (паводле інш. зьвестак у сваім маёнтку Дубасьня пад Беластокам).

23 сьнежня

105 гадоў таму (1918) – Памёр Лейб Найдус, габрэйскі паэт, перакладнік. Быў пахаваны ў Гародні на габрэйскіх могілках (цяпер на іх месцы стадыён “Нёман”).

24 сьнежня

315 гадоў таму (1708) – Памёр Стафан Тызенгаўз, падстолі ВКЛ у 1687 г., з 1689 г. наваградзкі ваявода. Валодаў маёнткам Бычкаўшчына (цяпер Быкаўка, Шчучынскі р-н).

225 гадоў таму (1798) – На хутары Завосьсе (верагодней усяго Наваградзкі р-н, прынята Завосьсе Баранавіцкага р-ну) нарадзіўся Адам Міцкевіч, польска-беларускі паэт, асьветнік, філамат.

25 сьнежня

Каляды (Божае Нараджэньне) паводле грыгарыянскага календара.

25 гадоў таму (1998) – Адбыўся першы перапіс насельніцтва незалежнай Беларусі (насельніцтва склала 10.045.200 чалавек (зь іх 8.159.100 – беларусаў). Беларускую мову роднай назвалі 73,7% жыхароў краіны.

26 сьнежня

55 гадоў таму (1968) – У Гародні пачала працаваць абласная студыя тэлевізіі.

45 гадоў таму (1978) – У Лёндане памёр Вінцук Адважны (сапр. Язэп Германовіч), беларускі каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, паэт, эмігрант (Італія, Вялікабрытанія). Пахаваны на могілках Сэн-Панкрас.

27 сьнежня

105 гадоў таму (1918) – Рада БНР на чале з Антонам Луцкевічам пераехала ў Гародню.

28 сьнежня

435 гадоў таму (1588) – Гародня згодна з пастановай Кракаўскага сойму стала цэнтрам каралеўскай эканоміі (была ім ажно да 1795).

115 гадоў таму (1908) – Каля Гудагая (Астравецкі р-н) быў зафіксаваны землятрус моцнасцю 6-7 балаў па шкале Рыхтара.

35 гадоў таму (1988) – У ЗША памёр Аляксандар Стагановіч, беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, удзельнік БНС, дзеяч эміграцыі (Нямеччына, ЗША). Пахаваны на беларускіх могілках у Нью-Брансьвіку (ЗША). Нараджэнец в. Нясутычы (Наваградзкі р-н).