На сустрэчы з амэрыканскім кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам жонка зьняволенага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага гаварыла пра становішча палітвязьняў у Беларусі.

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук ў Вашынгтоне сустрэлася з амэрыканскім кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам. Папярэдняя іх сустрэча была ў 2012 годзе, калі Алесь Бяляцкі адбываў першы тэрмін зьняволення за праваабарончую дзейнасьць.

Крыстафэр Сьміт заявіў, што заўсёды сочыць за падзеямі ў Беларусі.

Натальля Пінчук расказала пра сытуацыю Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў ПКТ і сувязі зь ім практычна няма:

«Я з удзячнасьцю ўспамінаю нашу сустрэчу 10 гадоў таму. Алесь быў у турме па фальшывым крымінальным абвінавачаньні першы раз, і вы нас
падтрымалі.

Беларускі народ зьдзівіў свет у 2020 годзе, калі мноства людзей выступіла супраць дыктатуры. Мірны пратэст брутальна задушылі пры падтрымцы Крамля. Улада трымаецца толькі на падтрымцы Пуціна і на бясконцых рэпрэсіях, ад якіх ужо пацярпелі сотні тысяч.

Я вельмі спадзяюся, што нават у цяперашняй сытуацыі, калі зло падняло галаву, калі ідуць агрэсіўныя войны ўва ўсім сьвеце, дэмакратычны сьвет падтрымае беларусаў. Мой заклік — „Свабоду Алесю! Свабоду ўсім палітвязьням!“».

Свабода