Больш за 58 тысяч грамадзян РБ паведамілі, што маюць дакументы замежных дзяржаў: больш за 36,5 тысячы — органам унутраных спраў, яшчэ 22 тысячы — дыппрадстаўніцтвам і консульскім установам. Пра гэта sb.by распавёў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун“І гэтыя дакументы працягваюць прыбываць”, — кажа ён. Ці можна верыць гэтым лічбам – цяжка сказаць.

У ліпені пачала дзеіць новая рэдакцыя закона “Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь”. Беларусы былі абавязаныя ў трохмесяцавы тэрмін паведаміць уладам, што ў іх ёсць другое грамадзянства, від на жыхарства ці іншы дакумент замежнай дзяржавы, які дае права на льготы (гаворка найперш пра карту паляка). У верасні Бягун заявіў, што звярнуліся больш за 6,5 тысячы чалавек. Атрымліваецца, што пасля гэтага пра свае дакументы паведамілі больш за 50 тысяч чалавек.

Ніякай адказнасці за непаведамленне аб наяўнасці згаданых дакументаў пакуль не будзе, але “гэтае пытанне прапрацоўваецца адпаведнымі органамі”.