
Карны канвеер на Гарадзеншчыне па палітычных справах не спыняе сваю чорную працу. Так за мінулы месяц лістапад праваабаронцы зафіксавалі не менш 100 адміністрацыйных працэсаў, якія дайшлі да судовага “разгляду”. Пераважна гэта справы за так званы распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле артыкулу 19.11. КаАП. Судзілі некаторых людзей таксама паводле артыкулу 24.23 (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў).
У авангардзе традыцыйна апынуўся суд Ленінскага раёну Гародні: яго суддзі за лістапад абвесцілі не менш 34 карных пастановаў. Не менш 19 чалавек судзілі па палітычных матывах у Кастрычніцкім раённым судзе Гародні, не менш 14 – у Лідскім раённым судзе, не менш 9 – у Ваўкавыскім раённым судзе.
Акрамя пералічаных раёнаў карныя адміністрацыйныя працэсы праходзілі таксама ў Ашмянах, Карэлічах, Свіслачы, Шчучыне, Смаргоні, Наваградку, Вялікай Бераставіцы і судзе Гарадзенскага раёну.
Дакладныя вынікі гэтых судоў у бальшыні выпадкаў невядомыя. Зафіксавана толькі, што часта грамадзянам прысуджаюць вялікія штрафы і канфіскоўваюць мабільныя тэлефоны.
За папярэдні месяц – кастрычнік бягучага году – было зафіксавана не менш 130 аналагічных адміністрацыйных спраў.
