
Да перайменавання ўстановы імя Кастуся Каліноўскага ў гонар нейкай нікому невядомай Праскоўі Васіленкі спрычынілася расейская шавіністка Ольга Бондарева. Пераназвалі гімназію цішком.
Рашэнне пра перайменаванне Свіслацкай гімназіі было прынятае 1 снежня. Афіцыйных паведамленняў пра тое, што навучальная ўстанова змяніла сваё імя, не было. Пра тое паведамілі «Нашай Ніве» чытачы.
Па іх словах, кіраўніцтва гімназіі тлумачыць пераназванне тым, што «паводле дакументаў аб прысваенні імені ўстанове адукацыі прыярытэт аддаецца героям Вялікай Айчыннай вайны, а сваякі згодныя, каб навучальная ўстанова насіла іх прозвішча».
«Сваякі нашай зямлячкі Пашы Васіленкі пагадзіліся і далі матэрыялы пра яе. Таму і прайшла працэдура перайменавання», — працытаваў супрацоўніцу адміністрацыі чытач НН.
Імя Кастуся Каліноўскага свіслацкай школе № 1 было прысвоена ў 1987 годзе пастановаю Міністэрства асветы БССР. У 2005 годзе школу рэарганізавалі ў гімназію, пакінуўшы ёй імя героя беларускай гісторыі.
Кастусь Каліноўскі ў летапісе навучальнай установы пазначаны як славуты выпускнік. Скончыў яе ў 1855 годзе. Пра яго напісана, што ён нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Гарадзенскага павета (цяпер Беластоцкае ваяводства Польшчы) і быў кіраўніком паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі, Польшчы і Літве. Згадваецца, што Каліноўскі — паэт і публіцыст.
У аддзеле адукацыі Свіслацкага райвыканкаму на пытанне аб прычынах пераназвання гімназіі адказалі, што «асоба Каліноўскага на сённяшні дзень не з’яўляецца такой папулярнай, таму і прынялі такое рашэнне».
Паводле чыноўнікаў, меркаванне аб непапулярнасці Кастуся Каліноўскага падтрыманае на роўні вобласці і рэспублікі.
Паводле Motolko.help, у гімназіі быў школьны музей з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю Каліноўскага і паўстанню 1863 года, там жа быў і яго бюст, але цяпер нічога гэтага няма.
https://nashaniva.com/331651
