
За час пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў 2020 году і да канца лістапада 2023-га ў Беларусі ліквідавалі не менш за 1481 недзяржаўную арганізацыю (НДА) — аб’яднанні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі. Такую статыстыку прыводзіць праваабарончая арганізацыя Lawtrend у сваім новым аглядзе.
Прычым толькі за лістапад былі ліквідаваныя 24 НДА. Яшчэ 949 НДА, па звестках праваабаронцаў, былі ў працэсе прымусовай ліквідацыі.
Павялічваецца і колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі. На канец лістапада такіх было 532 — гэта на чатыры больш, чым на канец кастрычніка. На рашэнне пра самаліквідацыю па-ранейшаму пераважна ўплывае ціск на сябраў і супрацоўнікаў НДА, неспрыяльнае прававое асяроддзе і грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне.
Праваабаронцы Lawtrend падкрэсліваюць, што дзеля задушэння грамадзянскай актыўнасці ўлада маніпуляцыйна шырока выкарыстоўвае заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
У шэрагу рэгіёнаў ладзіцца конкурс грамадзянскіх ініцыятыў, якія, на думку Lawtrend, маглі б стаць добрай асновай для самаарганізацыі і самарэалізацыі грамадзян на мясцовым роўні. Але ў сітуацыі масавых рэпрэсій гэты механізм могуць выкарыстаць для збору інфармацыі пра актывістаў, перасцерагаюць праваабаронцы.
