Беларускі каталіцкі сьвятар, паэт Андрэй Зязюля (сапраўднае Аляксандар Астрамовіч) нарадзіўся 7 снежня 1878 году ў вёсцы Навасады (Ашмянскі раён).

Пасля заканчэння павятовага вучылішча ў Ашмяне служыў у расейскім войску. У 1905-10 гадах вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі ў Пецярбургу, дзе пад уплывам земляка Адама Лісоўскага ўсвядоміўся як беларус, далучыўся да беларускай нацыянальнай ідэі. У час вучобы арганізаваў аб’яднанне клірыкаў-беларусаў.

Служыў ксяндзом у мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Анопаль, Смілавічы, Сянно. Выступаў за беларусізацыю каталіцкага касцёла ў Беларусі, пачаў гаварыць касцельныя казанні да вернікаў па-беларуску. 26 лістапада 1914 году на пахаванні ў Кухцічах князя Мікалая Радзівіла, мужа Магдалены Радзівіл, сказаў надмагільную прамову па–беларуску. Пераследаваўся касцельнымі ўладамі за прыхільнасць да роднага слова, што стала прычынай частай перамены месца службы, два гады быў без парафіі.

Адзін з арганізатараў і ўдзельнік з’езду беларускага каталіцкага духавенства ў Менску (24-25 траўня 1917 году), сябра Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці.

Актыўны папулярызатар беларускай каталіцкай ідэі на старонках перыядычнага друку. Быў адным з ініцыятараў выдання газеты Biełarus (хаця ў склад рэдакцыі не ўваходзіў), якая пачала выходзіць у студзені 1913 у Вільні лацінкай.

Друкаваў вершы з 1909 году ў газетах «Наша ніва», «Biełarus», «Krynica», «Вольная Беларусь», «Świetač», «Белорусская рада», «Беларускае жыццё». Выдаў зборнік паэзіі «З роднага загону» (Вільня, 1913 г., 2-ое дапоўненае выданне 1931 г.), паэму «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (Прага, 1917 г.). Выйшла яго вершаванае апавяданне «Аленчына вяселле» (Вільня, 1923 г.). Творчасць паэта прасякнута хрысціянскім светаглядам, у ёй дамінуе патрыятычная тэма, ідэя адраджэння Беларусі, вера ў яе лепшую будучыню.

Аўтар беларускага рэлігійнага гімна «Божа, што калісь народы…».

Андрэй Зязюля збіраў народныя песні, якія разам з запісамі Антона Грыневіча склалі зборнік «Беларускія песні з нотамі» Т. 2. ( Пецярбург, 1912 г.).