Аляксей Талай у Ваўкавыску

Гарадзенскім школьнікам прапануюць паўдзельнічаць у “тэрміновым зборы дапамогі дзецям Данбаса” для фонду Аляксея Талая, піша рэсурс Hrodna.life. “Тэрміновасць” звязана з тым, што 12 снежня ў горад прыязджае сам прарасейскі актывіст.

Інфармацыя пра падзею з’явілася ў бацькоўскіх чатах Гародні. Рэчы — прысмакі і прадметы асабістай гігіены — прапаноўваюць прыносіць у школу № 15 да 11 снежня. У траўні Талай прыязджаў у гэтую школу на адкрыццё мурала савецкаму генералу Карбышаву.

Цяпер едзе ў мясцовую філармонію. Ён збіраецца правесці “урок мужнасці” пад лозунгам “Зрабі правільны выбар”. На сустрэчу запрашаюць моладзь.

Аляксей Талай — беларускі параалімпіец, які неаднаразова вывозіў з акупаваных тэрыторый Украіны, якія лічыць расейскімі, дзяцей у Беларусь — нібыта на аздараўленне.

Раней прапагандыст “русского мира” і савецкага саюзу Талай прыязджаў таксама з выступам у Ваўкавыск.