
50 гадоў таму ( 9 снежня 1973) – У Вільні памёр Янка Шутовіч, беларускі грамадзка-культурны дзеяч, выдавец, літаратуразнавец, вязень савецкіх канцлягероў. Пахаваны ў Павільнісе.
Янка Шутовіч нарадзіўся 24 студзеня 1924 году ў вёсцы Шутавічы (Смургонскі р-н). Паходзіў з сялянскай шматдзетнай сям’і. Пасля паспяховага сканчэння ў 1915 годзе народнай вучэльні ў суседняй вёсцы Сукневічы атрымаў у падарунак кнігу. Затым навучаўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам, ксяндзом Віктарам Шутовічам у в. Бадзенічы (Дзісенскі павет Віленскай губерні), дзе выкладалася французская мова. Скончыў Глыбоцкую гарадскую вучэльню.
Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ы клас Віленскай беларускай гімназіі. Па яе сканчэнні ў 1924 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэту. У час вучобы ва ўніверсітэце прымаў удзел у працы Беларускага студэнцкага саюзу, быў сябрам яго рэвізійнай камісіі, Беларускага навуковага таварыства, Таварыства прыяцеляў беларусаведы, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, рэдагаваў з 1928 год часопіс «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага аб’яднання.

Янка Шутовіч, 1925 год
Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 годзе скончыў ВНУ з дыпломам магістра права. Сябра партыі хрысціянскіх дэмакратаў. У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. У 1935-39 гадах выдавец і рэдактар часопісаў «Калоссе», «Шлях моладзі».
За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння напачатку 1939 года арыштаваны польскімі ўладамі. Зняволены ў лагеры Бяроза-Картузская. Вызвалены ў верасні 1939 году савецкімі войскамі. 3 восені 1939 году займаўся асветніцкай і выдавецкай дзейнасцю, з 1940-га выкладаў у Беларускай настаўніцкай семінарыі.
З 1940 працаваў у Беларускім музеі ў Вільні, з лютага 1941 да лістапада 1944 яго загадчык. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэннях касцёлу Святога Міхала пад апекай ксяндза Адама Станкевіча.
Арыштаваны органамі НКВД 19 лістапада 1944 году. Рашэннем Асобай нарады пры НКГБ засуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Высланы ва Унжлаг (Горкаўская вобласць РСФСР), пасля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласць, Казахская ССР). Вызвалены з лагера 28 жніўня 1954 года. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобласць).
Пасля высылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 г. працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. Рэабілітаваны 25 красавіка 1958 года. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменнікаў БССР «Полымя».
Друкаваўся Шутовіч з 1927 году. Выступаў з артыкуламі пра Я. Драздовіча, Ш. Руставелі, Т. Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М. Гарэцкага, А. Гурыновіча, М. Забейду-Суміцкага, Я. Карскага, А. Уласава, Беларускі музей у Вільні. У 1940 пад яго рэдакцыяй у Вільні выдадзена кніга «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915 — 10 студзеня 1940)».
Разам з жонкай, літоўскай паэткай Онай Міцюце, займаўся перакладамі твораў літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхала Забейду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзённік Адама Станкевіча, перад смерцю зрабіў некалькі копій і раздаў розным надзейным людзям.
Рукапісны і ўласны архіў Янкі Шутовіча захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі.

Магіла Янкі Шутовіча ў Павільні, фота Уладзіслава Гарбацкага
