9 сьнежня 755 гадоў таму, у 1268 годзе, быў забіты Войшалк, князь Наваградскі, вялікі князь ВКЛ у 1263-67 гадах.

Князь Наваградскі, вялікі князь ВКЛ заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Войшалк нарадзіўся меркавана ў 1233 годзе.

Год нараджэння Войшалка ў летапісах не згадваецца. Паводле звестак з хронік ён быў старэйшым з сыноў Міндоўга. Паведамленняў пра маці Войшалка няма. У Войшалка была сястра, імя якой невядома – яна была жонкай вялікага князя літоўскага Шварна Данілавіча. Браты Войшалка – Рукля і Рупейка – былі значна за яго маладзейшыя і абодва былі забітыя разам з бацькам Міндоўгам у выніку змовы. Хроснае імя Войшалка дакладна невядома. Па адной, малаверагоднай, з версій яго ахрысцілі пад імем Васіль. Год нараджэння 1223 паданы ў храналагічнай табліцы беларускага гісторыка Тодара Нарбута, якая складзена на падставе фрагментаў рукапісу віленскага гісторыка XVI ст. Аўгустына Ротунда.

Асноўныя звесткі пра жыццё Войшалка змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які створаны і дапоўнены ў канцы XIII ст. невядомымі аўтарамі. Там згадваецца не названы сын Міндоўга, якога той паслаў ваяваць ваколіцы г. Турыйска ў Галіцка-Валынскім княстве. Паколькі пра іншых дарослых сыноў Міндоўга звестак няма, гісторыкі мяркуюць, што ім быў Войшалк. Гэта адбывалася ў час вайны 1249-1254 гадоў паміж Міндоўгам і яго пляменнікамі Таўцівілам і Эдзівідам, якіх падтрымліваў галіцка-валынскі князь Даніла Раманавіч.

Першы раз Войшалк згаданы ў летапісе пад сваім імем пад 1255 годам. Летапіс паведамляе, што тады Войшалк заключыў мір з Данілам Раманавічам, выдаў сваю сястру замуж за малодшага сына Данілы Раманавіча – Шварна. А сам прыбыў да Данілы Раманавіча ў г. Холм, пакінуў свае княжанне і прыняў манаскі чын. Іншы летапісец піша, што Войшалк прыбыў не ў Холм, а ў ранейшую сталіцу – Галіч, маючы намер прыняць манаскі чын. А пасля пайшоў у Паланінскі манастыр да ігумена Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі. Гэты ж летапісец адзначыў, што Войшалк пачынаў княжыць у Навагародку, з’яўляючыся паганцам, і рабіў чалавечыя ахвяры (гісторыкі адпрэчваюць гэта, называючы характэрнай для таго часу гіпербалай). Затым ён ахрысціўся ў Навагародку і пачаў жыць у хрысціянстве.

Можна меркаваць, што ў Навагародку Войшалк княжыў (быў намеснікам Міндоўга) з 1240-ых гадоў. Пасля трох гадоў жыцця ў Наваградку Войшалк выправіўся ў паломніцтва да гары Афон у Грэцыю, але не змог дайсці з-за мяцежа ў тых землях, вярнуўся ў Панямонне і заснаваў там манастыр. Пра гэта кажа Іпацеўскі летапіс. Манастыр суадносіцца з Лаўрышаўскім. Войшалк пражыў у ім каля году. Нібыта Міндоўг дакараў яго за манаскае жыццё.

Каля 1257-58 гадоў на Літву і Нальшчаны напалі войскі мангола-татарскага ваяра Бурундая і галіцка-валынскіх князёў. Войшалк выйшаў з манастыра, і разам са стрыечным братам Таўцівілам захапіў Рамана Данілавіча. Войшалк зноў сеў на навагародскім стальцы. У 1263 годзе у выніку змовы быў забіты Міндоўг. Войшалк уцёк у Пінск. У 1264 годзе князь Транята быў забіты ранейшымі конюхамі Міндоўга; Войшалк з пінскім войскам вярнуўся ў Навагародак. Затым ён пайшоў усталёўваць сваю ўладу ў Літве, стаў вялікім князем. Княжыў разам са Шварнам Данілавічам. З дапамогаю Васількі і Шварна заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву.

У 1267 годзе Войшалк вырашыў перадаць вялікае княжанне літоўскае Шварну Данілавічу і пайшоў у манастыр у г. Уграўск на Валыні. У красавіку 1267 года галіцкі князь Леў Данілавіч запрасіў Войшалка на сустрэчу. Прыехаўшы ў г. Уладзімір-Валынскі, Войшалк спыніўся ў манастыры Св. Міхаіла Вялікага. У час аднаго з піраў Леў забіў Войшалка. Летапісец адзначае, што Леў зрабіў гэта з-за зайздрасці ад таго, што Войшалк перадаў княжанне ў літоўскай дзяржаве не яму, а яго брату Шварну.

У цэнтры акладу Лаўрышаўскага Евангелля, які выраблены ў XVI- XVIІ ст., срэбная пласціна з выявай воіна з дзідай і тарчай. Вацлаў Ластоўскі меркаваў, што згодна традыцыі, на акладзе змешчана выява Войшалка.

Быў пахаваны ў царкве Святога Міхаіла Вялікага ва Уладзіміры-Валынскім. У Вільні ў старостве Веркю ёсць вуліца Войшалка (Vaišelgos gatve). Яму прысвечаны розныя мастацкія творы.

Крыж у Лаўрышаве, фота ГП